
Ваша оценкаРецензии
xbohx22 декабря 2018 г.Читать далееКалі словы ultras і hool для вас не пусты гук, а футбол — гэта больш, чым спорт, то варта пазнаёміцца з дэбютным творам маладога нямецкага пісьменніка Філіпа Вінклера, які ўжо атрымаў у Германіі процьму літаратурных узнагарод. Сёлета раман «Hool» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве Кнігазбор у перакладзе Вадзіма Мохава.
Галоўны герой кнігі Хайка Кольбэ можа смела сказаць, што ў яго дзве сям’і: адна біялагічная, дзе ён нарадзіўся і вырас, а другая — тая, якую ён сам абраў. Гэта яго сябры па футболе, фанаты клуба «Гановер 96». Так званыя хуліганы — хлопцы, якія бароняць гонар роднай каманды па-за стадыёнамі і футбольнымі матчамі.
Але ў біялагічнай сям’і Хайка чакаюць толькі маці, якая іх кінула, бацька, які бясконца праходзіць курсы рэабілітацыі для алкаголікаў, ды сястра, якая адчувае сябе няшчаснай.
У хуліганскім асяроддзі ўсё значна прасцей. Тут усё вырашае выключна твая сіла, уменне падставіць плячо сябру і пастаяць за сябе. І гэта ўсё, што ёсць у Хайка, без чаго ён не ўяўляе жыцця. Яго цяжка назваць станоўчым персанажам, бо гэта агрэсіўны юнак, маўленне якога перапоўнена грубымі выразамі, а паводзіны вызначаюцца жорсткасцю. Раптоўна гэты прывычны для Хайка свет пачынае ламацца, калі сябры адзін за адным адыходзяць ад справы. Для хлопца такія паводзіны роўныя здрадніцтву, але ён не збіраецца здавацца і хоча выратаваць свой свет ад разбурэння.
Кніга, якая дазволіць вам зазірнуць у іншы свет, для кагосьці прывычны і знаёмы, а для кагосьці новы і незвычайны, магчыма, нават варожы.
Я вельмі блізка ведаю ўсе тыя рэчы, пра якія піша Вінклер, для мяне гэта сапраўды не пусты гук. Але чамусьці кнігу чытаць было даволі нудна. Вядома ж, нямецкі хуліганскі рух не параўнаць з беларускім, але ў аўтазаку пасля футбола нават мне давялося пакатацца. У гэтай кнізе, здаецца, дастаткова праўдзіва ўсё апісваецца, ты верыш галоўнаму герою, але не кранае.
Дынамікі малавата, хаця здавалася б, што ў жыцці Хайка адбываецца даволі шмат падзей.
Калі цікавіцеся кнігамі на такую тэму, то ўсё ж лепш пачытаць Брымсана. А гэтая няхай стаіць на палічцы ў маёй футбольнай калекцыі.
13290
Osman_Pasha16 ноября 2018 г.Читать далееHool - дэбютны раман Філіпа Вінклера, распавядае пра футбольнага фаната-хулігана Хайка Кольбэ, які падтрымлівае клуб Гановер-96. Хайка мае дзве сям'і - адна у якой ён нарадзіўся і якая распалася яшчэ ў яго дзяцінстве. Маці сышла ад бацькі і бацька зрабіўся алкаголікам і пазней прывёз з Тайланду новую жонку. Другую сям'ю - брыгаду футбольных хуліганаў узначальвае дзядзька Хайка. У гэтую сям'ю уваходзяць яго лепшыя сябры. Але і тут не ўсё ладзіцца. І аднойчы сябры, перад матчам-бойкай супраць найгоршых ворагаў, з розных прычын вырашаюць завязаць з бойкамі. Хтосьці з-за сям'і, хтосьці з-за працы, а найлепшы сябра з-за таго, што быў моцна збіты і амаль страціў зрок. Вось толькі Хайка такі выбар не прымае і лічыць іх здраднікамі.
Здаецца сябры сыходзяць, бо пасталелі і бойкі іх больш не цікавяць. А Хайка сталець не збіраецца, застаецца інфантыльным дзіцём. Ён як грыф на ферме дзе жыве Хайка. Гэты грыф прасядзеў шмат часу ў комнаце дзе пояць, кормяць і прыбіраюць за ім дзярмо, а калі дзверы і вокны адчынілі нікуды злятаць не збіраецца, толькі пакутуе ад холаду. Відаць што Хайка, як і дзядзька застанецца ў гэтай тэме хулсу да сталага веку.
Субкультура хулсу паказана падрабязна. Для хуліганаў, у адрозненне ад ультрас, галоўнае не футбол, а абараніць гонар клубу у бойках. І на стадыёне для гэтага прысутнічаць не трэба, можна нават не глядзець гульню па тэлебачанню. Бо хулс - эліта футбольнага двіжу (па меркаванню саміх хулсаў).7336
Wombat23 марта 2022 г.Читать далееШчыра кажучы, я быў крыху здзіўлены тым, што хулс і ультрас – гэта такія розныя рэчы. Так, гэтым сваім памылковым меркаваннем я адразу паказваю, наколькі я не ў тэме. Дык яшчэ мало таго, што гэта розныя рэчы, мяне больш здзівіла з якой пагардай Хайка і яго таварышы ставяцца да тых, хто толькі на трыбунах крычыць, а па-за трыбунай не можа паказаць сваю годнасць. Так ці інакш, але дадзены факт я прыняў і ўсвядоміў.
Гэты раман надзіва добра мне зайшоў. Вось не чакаў я такога, але атрымалася так. У чым жа справа? На першы погляд ён мала адрозніваецца ад фільмаў кшталту “Хуліганаў з Зялёнай вуліцы” і таму можа падацца другасным. Аднак усе ж гэта не так.
Хочацца сказаць, што гэта раман сталення, але ж Хайка, у адрозненне ад сваіх сяброў, не сталее. Магчыма менавіта з гэтай мэтай аўтар знаёміць чытачоў з асобнымі падзеямі з жыцця галоўнага героя ў адваротным храналагічным парадку, то бок ад бягучых падзей да яго дзяцінства. Здаецца, Хайка і не хоча сталець. Яго задавальняе такі лад жыцця. Так, ёсць пэўныя цяжкасці, але ж у жыцці Хайка застаецца галоўнае – “96”, надзейныя сябры і групоўка, якой кіруе яго родны дзядзька, а ў будучым можа кіраваць і сам Хайка. А вось яго сябры сталеюць. У іх жыцці з’яўляюцца новыя прыярытэты: у каго сям’я, у каго трэнерская кар’ера, а у каго і проста жаданне рухацца далей. Хайка лічыць іх здраднікамі і адштурхоўвае сяброў. І вось гэта, разам з іншымі праблемамі, распаляе яго гнеў і прыводзіць да таго, што яму самому было брыдка ў самым пачатку рамана. Памятаеце эпізод з Цёлерам падчас бойкі з кёльнцамі? А фінал гэтага рамана вельмі кінематаграфічны, на маю думку. Затое аўтар дае нам магчымасць самім паразважаць, што ж будзе з Хайка далей. Можа ён пераломіць сябе і ўсё ж пасталее. А можа здзічэе і страціць цікавасць да жыцця, як той жа Зігфрыд. Ці пойдзе шляхам Джоэля і яго бацькі.
Здавалася б раман пра такіх брутальных хлопцаў не можа быць сентыментальным, ці, лепш сказаць, не павінен быць сентыментальным, але ж ён закрануў нейкія струны ў маім сэрцы. На самай справе тут досыць такіх момантаў, як, напрыклад, сцэна развітання Хайка з Зігфрыдам. Ну, можа астатнія не такія яскравыя, але яны ёсць. Вось, магчыма, гэтым мне дадзены раман і спадабаўся.
Не ведаю, наколькі праўдзіва Філіп Вінклер паказвае субкультуру футбольных хуліганаў, але калі аўтары іншых рэцэнзій станоўча ацэньваюць гэта, то і мне няма чаго крытыкаваць ці сумнявацца.
6103
SashaLesnik29 ноября 2024 г.Футбол на крыві
Читать далееКалі я вучыўся прыкладна ў дзевятым класе, мой брат прынёс аднекуль кіпу фанзінаў футбольных фанатаў. Больш за ўсё мяне зацікавіў "Хуліган" (неперыядычнае выданне дзінамікаў горада-героя Мінска, як зараз помню). Мяне вельмі ўразілі тыя фанзіны, таму што яны адкрылі для мяне зусім іншы свет. Для мяне раней фанаты з сектара былі проста фанатамі, якія проста падтрымліваюць каманду. А аказваецца ўсё там нашмат складаней. Ёсць звычайныя ультрас, а ёсць хуліганы, якія бароняць гонар свайго клуба на вуліцах не толькі свайго горада. Менавіта пра такіх хуліганаў і распавядае Філіп Вінклер у сваім рамане.
Галоўны герой кнігі - малады хлопец Хайка, якога на сектар стадыёна клуба Гановер-96 (Германія) прывялі бацька і бацькаў брат. Дзядзька ўжо тады кіраваў хулсамі, таму хутка Хайка пачаў дапамагаць у бойках з фанатамі іншых клубаў. Канешне, тое, пра што апавядаецца на першай сотні старонак, можа шакіраваць людзей, якія нічога не ведаюць пра каляфутбольныя справы. Лідэры груповак дамаўляюцца аб месцы і колькасці байцоў, сустракаюцца, месяцца і ідуць святкаваць у паб перамогу альбо паражэнне. Але часцей за ўсё проста ідуць дадому залечваць свае пабітыя твары і косці. У хулсы не пойдзе чалавек, якія працуе на высокіх пасадах. Хутчэй за ўсё гэта будзе чалавек, які пакуль не ведае, што яму рабіць у жыцці. Вось так і Хайка проста працуе ў баксёрскім клубе свайго дзядзькі. Але працуе - гэта моцна сказана. Проста робіць тое, што дзядзька скажа. І за гэта яму нешта перападае, на жыццё пакуль хапае.
Галоўнае ў жыцці Хайка - ганарыцца клубам. Але ж жыццё нашмат складаней, і ў ім шмат рэчаў, якія могуць карэкціраваць твае мэты. Маці Хайка кінула сям'ю, бацька пачаў піць і стаў інвалідам, сястра выйшла замуж і хоча нармальнага сямейнага жыцця. Хайка з'ехаў жыць да нейкага славянскага бандыта... Але ёсць сябры, якія ніколі не кінуць Хайку ў бядзе, а ў бойцы прыкрыюць спіну.
Справа ў тым, што жыццё Хайка па-за межамі футбольных спраў амаль што ніякае. Ён нікому не патрэбны і ў будучыню ён наогул не глядзіць. Таму нават калі нехта з сяброў кажа, што хоча адыйсці ад хуліганскіх спраў, ён бачыць гэта як здраду. Як можна перастаць махацца з ворагамі? Як можна крыху забіць на Гановер-96? Як гэта можна змяніць футбол на жанчыну?
Тое, пра што піша Вінклер, можа мець любую тэматыку. У кожнага чалавека можа быць чорная дзірка ў жыцці. І ў дырэктара буйнога прадпрыемства, і ў прастытуткі, і ў айцішніка. У гэтым рамане тэма проста вельмі рэдкая для літаратуры, таму і прываблівае. Калі замяніць хулігана і каляфутбол на сваршчыка і будаўніцтва шматпавярховіка, то мне здаецца, было б не так цікава. Ой, ну шмат у каго бацька алкаш, а сябры яшчэ тыя гаўнюкі. І Вінклер быццам бы яшчэ больш хоча зрабіць жыццё Хайкі цяжэй. Хай варожыя хулз будуць больш моцныя, хай уладальнік кватэры будзе адбітым бандытам, кому патрэбна купіць тыгра, хай бацька збяжыць з лякарні, хай сястра будзе лезьці ў справы брата... І вось на гэтым моманце я задумаўся, а прычым тут футбол? Проста жыццё маладога адмарозка, які наогул не ведае, каму ён патрэбны, акрамя імені клуба (бо самому Гановеру ён таксама не вельмі патрэбны).
Гэта дэбютны раман Вінклера, які сабраў крыху прэмій. Не ведаю, ці ён пісаў што яшчэ. Для дэбюта сапраўды няблага. З-за тэмы я вырашыў паставіць раману 8/10, але разумею, чаму можна паставіць і меньш. Прачыталася кніга хутка, але ў канцы мне было цяжка сказаць, што хацеў сказаць аўтар. Проста як роуд-муві, проста некалькі тыдняў з жыцця нямецкага хулігана.
Ну і яшчэ ёсць некалькі незразумелых момантаў з пункту гледжання каляфутбола. Хайка вельмі не любіць скіноў, правыя справы яму таксама не даспадобы. Але фанаты Гановеру-96 - гэта адныя з самых ультраправых фанатаў у Германіі. З чаго я зрабіў вынік, што можа Хайка - звычайны гопнік, не ведаю...235