Рецензия на книгу
Hool
Фiлiп Вiнклер
xbohx22 декабря 2018 г.Калі словы ultras і hool для вас не пусты гук, а футбол — гэта больш, чым спорт, то варта пазнаёміцца з дэбютным творам маладога нямецкага пісьменніка Філіпа Вінклера, які ўжо атрымаў у Германіі процьму літаратурных узнагарод. Сёлета раман «Hool» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве Кнігазбор у перакладзе Вадзіма Мохава.
Галоўны герой кнігі Хайка Кольбэ можа смела сказаць, што ў яго дзве сям’і: адна біялагічная, дзе ён нарадзіўся і вырас, а другая — тая, якую ён сам абраў. Гэта яго сябры па футболе, фанаты клуба «Гановер 96». Так званыя хуліганы — хлопцы, якія бароняць гонар роднай каманды па-за стадыёнамі і футбольнымі матчамі.
Але ў біялагічнай сям’і Хайка чакаюць толькі маці, якая іх кінула, бацька, які бясконца праходзіць курсы рэабілітацыі для алкаголікаў, ды сястра, якая адчувае сябе няшчаснай.
У хуліганскім асяроддзі ўсё значна прасцей. Тут усё вырашае выключна твая сіла, уменне падставіць плячо сябру і пастаяць за сябе. І гэта ўсё, што ёсць у Хайка, без чаго ён не ўяўляе жыцця. Яго цяжка назваць станоўчым персанажам, бо гэта агрэсіўны юнак, маўленне якога перапоўнена грубымі выразамі, а паводзіны вызначаюцца жорсткасцю. Раптоўна гэты прывычны для Хайка свет пачынае ламацца, калі сябры адзін за адным адыходзяць ад справы. Для хлопца такія паводзіны роўныя здрадніцтву, але ён не збіраецца здавацца і хоча выратаваць свой свет ад разбурэння.
Кніга, якая дазволіць вам зазірнуць у іншы свет, для кагосьці прывычны і знаёмы, а для кагосьці новы і незвычайны, магчыма, нават варожы.
Я вельмі блізка ведаю ўсе тыя рэчы, пра якія піша Вінклер, для мяне гэта сапраўды не пусты гук. Але чамусьці кнігу чытаць было даволі нудна. Вядома ж, нямецкі хуліганскі рух не параўнаць з беларускім, але ў аўтазаку пасля футбола нават мне давялося пакатацца. У гэтай кнізе, здаецца, дастаткова праўдзіва ўсё апісваецца, ты верыш галоўнаму герою, але не кранае.
Дынамікі малавата, хаця здавалася б, што ў жыцці Хайка адбываецца даволі шмат падзей.
Калі цікавіцеся кнігамі на такую тэму, то ўсё ж лепш пачытаць Брымсана. А гэтая няхай стаіць на палічцы ў маёй футбольнай калекцыі.
13290