Рецензия на книгу
Hool
Фiлiп Вiнклер
Wombat23 марта 2022 г.Шчыра кажучы, я быў крыху здзіўлены тым, што хулс і ультрас – гэта такія розныя рэчы. Так, гэтым сваім памылковым меркаваннем я адразу паказваю, наколькі я не ў тэме. Дык яшчэ мало таго, што гэта розныя рэчы, мяне больш здзівіла з якой пагардай Хайка і яго таварышы ставяцца да тых, хто толькі на трыбунах крычыць, а па-за трыбунай не можа паказаць сваю годнасць. Так ці інакш, але дадзены факт я прыняў і ўсвядоміў.
Гэты раман надзіва добра мне зайшоў. Вось не чакаў я такога, але атрымалася так. У чым жа справа? На першы погляд ён мала адрозніваецца ад фільмаў кшталту “Хуліганаў з Зялёнай вуліцы” і таму можа падацца другасным. Аднак усе ж гэта не так.
Хочацца сказаць, што гэта раман сталення, але ж Хайка, у адрозненне ад сваіх сяброў, не сталее. Магчыма менавіта з гэтай мэтай аўтар знаёміць чытачоў з асобнымі падзеямі з жыцця галоўнага героя ў адваротным храналагічным парадку, то бок ад бягучых падзей да яго дзяцінства. Здаецца, Хайка і не хоча сталець. Яго задавальняе такі лад жыцця. Так, ёсць пэўныя цяжкасці, але ж у жыцці Хайка застаецца галоўнае – “96”, надзейныя сябры і групоўка, якой кіруе яго родны дзядзька, а ў будучым можа кіраваць і сам Хайка. А вось яго сябры сталеюць. У іх жыцці з’яўляюцца новыя прыярытэты: у каго сям’я, у каго трэнерская кар’ера, а у каго і проста жаданне рухацца далей. Хайка лічыць іх здраднікамі і адштурхоўвае сяброў. І вось гэта, разам з іншымі праблемамі, распаляе яго гнеў і прыводзіць да таго, што яму самому было брыдка ў самым пачатку рамана. Памятаеце эпізод з Цёлерам падчас бойкі з кёльнцамі? А фінал гэтага рамана вельмі кінематаграфічны, на маю думку. Затое аўтар дае нам магчымасць самім паразважаць, што ж будзе з Хайка далей. Можа ён пераломіць сябе і ўсё ж пасталее. А можа здзічэе і страціць цікавасць да жыцця, як той жа Зігфрыд. Ці пойдзе шляхам Джоэля і яго бацькі.
Здавалася б раман пра такіх брутальных хлопцаў не можа быць сентыментальным, ці, лепш сказаць, не павінен быць сентыментальным, але ж ён закрануў нейкія струны ў маім сэрцы. На самай справе тут досыць такіх момантаў, як, напрыклад, сцэна развітання Хайка з Зігфрыдам. Ну, можа астатнія не такія яскравыя, але яны ёсць. Вось, магчыма, гэтым мне дадзены раман і спадабаўся.
Не ведаю, наколькі праўдзіва Філіп Вінклер паказвае субкультуру футбольных хуліганаў, але калі аўтары іншых рэцэнзій станоўча ацэньваюць гэта, то і мне няма чаго крытыкаваць ці сумнявацца.
6103