А горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым. Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачаткі жыцця, падлягаю смерці, бо ўсё на свеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць смерці. І людзі звыкліся з гэтым, і нікому нават і ў галаву не прыходзіць выказаць свой пратэст проціў смерці і весці з ёю змаганне, як бы ўжо даўно-даўно ўмовіліся прызнаць над сабою яе ўладу, лічыць гэту ўладу справядліваю і законнаю. А яна, гэта смерць, кожны дзень ходзіць вакол, кожную хвіліну нішчыць і маладзенькія і старыя формы жыцця. І мы не зварачаем на гэта ўвагі, і толькі тады яна робіць моцнае ўражанне, калі ўмірае хто блізкі або калі наваліцца мор і людзі пачынаюць уміраць агулам. Тады чалавека ахоплівае жах, і ён губляе галаву. І вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух.