— Вось я сумыслу і пачаў з палешукоў, каб пагаварыць аб грэблі. Папраўдзе, як гэта вы цярпіце да гэтага часу такое ліха, як наша грэбля? Такое вялікае сяло, столькі рук, столькі сілы! Кінуліся б гуртом — хто пяску падвёз бы, хто камянёў — імі поле, дарогі завалены,— хто выйшаў бы з рыдлёўкаю, хто з сякераю... Тыдзень часу, і грэбля была б як яечка.
— Каб жа гэта дружна ўзяліся,— гудзе голас.
— Гэта, брат, не так лёгка,— выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць.
— Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе к чортавай матары.
Тут падняўся шум. Некаторыя стаялі за тое, што грэблю можна зрабіць вечную. Уся бяда ў тым, што народ на работу не падымеш, бо нядбайны. Другія даводзілі, што з гэтае грэблі толку не будзе. Тут мост рабіць трэба, лес вазіць, майстроў ставіць. Часамі завязвалася паміж некаторымі сварка: вось, напрыклад, Сцяцок — колькі працаваў на грэблі, а Гаронім туляўся, як сабака ад мух.
— Вы ніколі і не браліся дружна, грамадою, і не ведаеце, якая вы сіла ў дружнай грамадзе. Хто ж за вас рабіць будзе? I для каго вы будзеце рабіць?
— Мы гэта, брат, ведаем, ды вось рады не можам даць. Калі б прыехаў прыстаў з бізуном ды даў перцу, то паставіў бы ўсіх на работу,— кажа стары Гілёрык.
Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць.
Некаторы час Лабановіч і ў сяле не паказваўся, бо нейк прыкра было слухаць насмешкі сяброў.