— Скажы ты мне, братка Максім,— пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасцелі.— Для чаго чалавек на свеце жыве? З некаторага часу мяне цікавіць гэта пытанне. Аб гэтым пытаў я нават і сваю бабку.
— Ну, для чаго ж жыве?.. А чорт яго ведае, для чаго ён жыве,— прамовіў Турсевіч.
Сябры громка засмяяліся.
— Тут ужо, брат, нейкая філасофія. I я думаю, што немцу, напрыклад, такое запытанне і ў галаву не прыйдзе.
— Чаму?
— А таму, што немец — чалавек практычны. Вырашэнне ж гэтага пытання не дае ніякага практычнага рэзультату.
— Значыцца, немец не ведае, чаго ён на свеце жыве? — запытаў Лабановіч.
— Ну, каб такі кілбаснік ды не ведаў!
Сябры зноў засмяяліся.
— Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых,— сказаў Турсевіч.
— Гэта, брат, ён так павінен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасць. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе.
— Пастой, брат, ты, здаецца, нясеш нейкую «ерась». Што ж, па-твойму, вывуджвае які-небудзь праўдзівы хрысціянін, што адрокся ад зямлі з усімі яе дарамі і дабротамі і ідзе ад людзей, каб заставацца на адзіноце з Богам? Як прыложыш ты да яго сваю мерку?
— О, хрысціяне — народ вельмі змыслы, і да іх яшчэ дакладней прыстае гэта мерка. Яны, бачыш, маюць вельмі шпаркі разгон і шырока расчыненую губу. Іх не здавальняе зямля і наогул гэты свет (хоць і зямлёю яны таксама не грэбуюць). Ім давай рай, вечнае збавенне, бясконцую радасць і дабрабыт. А на сваё жыццё на зямлі яны пазіраюць як на спосаб латвей дастасавацца да банкету на тым свеце.
— Ты занадта агаліў сэнс жыцця,— сказаў Турсевіч,— і тым самым зневажаеш чалавека. Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Тут ёсць нешта большае, чым асабістая выгада і вывуджванне карысці для сябе. I няможна выводзіць з аднаго прынцыпу дзейнасць якога-небудзь жуліка і дзейнасць чалавека, што працуе ўсё жыццё для іншых.
— Гэта толькі здаецца так на першы погляд,— стаяў на сваім Лабановіч,— а прынцып адзін для ўсіх. Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі ісці і як разумець гэты прынцып. Але каго ты ні возьмеш: ці то будзе вучоны, які вышуквае новыя законы жыцця і пракладае новыя дарогі, ці які-небудзь выдумшчык — Эдысон, ці паэт, ці мастак, ці прапаведнік новага вучэння, ці самаахвярны дзеяч, вечны служка выключна для другіх,— усе яны выходзяць з таго ж самага прынцыпу. Не трэба толькі змешваць мэту з тымі дарогамі, якімі гэтая мэта дасягаецца.
— А ўсё ж такі я з табою не згаджаюся,— адказаў Турсевіч.
— А калі ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, як аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, пачало ўжо развідняцца.