
Ваша оценкаРецензии
xbohx10 апреля 2021 г.Читать далееКалі існуе ў свеце якая магія, то дакладна кніжная, і ёй можна вытлумачыць здольнасць некаторых твораў зачароўваць. Калі ты знаходзіш сябе з кнігай у руках у куточку кватэры, а вусны прагаворваюць тэкст, нібы замову. Так і чытаецца новая кніга Евы Вежнавец: на адным дыханні, як замова. Замова ад страху, ад гістарычнага бяспамяцтва.
Сюжэт апісваецца адным сказам: алкагалічка Рына вяртаецца ў Беларусь на пахаванне бабкі, дзе яе ўжо чакаюць цені мінулага. Можна збегчы ад іх у іншую краіну, але прыйдзе час, калі яны паклічуць цябе. Тыя ж цені мінулага накрываюць і чытача, а далей пачынаецца самае сапраўднае чараўніцтва. Жанр «балотная казка» ў анатацыі пазначаны не проста так. Гэта не толькі пра сюжэт, але і пра здольнасць кнігі засмоктваць у сябе. Як вір памяці ў серыі кніг пра Гары Потэра. Зазірнуў у кнігу — і знік там з галавой.
Колькі ў Беларусі такіх бабак, як Рыніна, унутры якіх тоіцца цэлы свет, якія хаваюць у сабе сапраўдныя метафізічныя скарбы. Шаптухі, варажбіткі, вядзьмаркі — гэта багаты культурны пласт нашай краіны, які толькі і чакае ўдзячных слухачоў і чытачоў. У новай кнізе Ева Вежнавец дае ім слова.
І мова. Зразумела, што ніякай магіі не адбудзецца без мовы, без удалага выбару і спалучэння слоў. Ева Вежнавец выкарыстоўвае мову роднай Любаншчыны, мясцін, дзе расла, выхоўвалася, і гэта працуе выключна на карысць твора.
З маіх суб’ектыўных мінусаў — малы аб’ём кнігі. Але, магчыма, у большым памеры цяжэй вытрымаць гэты канцэнтраваны тэкст, поўны пакут. У канцы больш доўгай кнігі давядзецца вынырваць з большай глыбіні. Мяркую, што часам сапраўднае мастацтва акурат хаваецца ў тым, каб сказаць многае ў малым.
Ведаю, што многім цяпер няпроста ўвогуле чытаць, тым больш нешта не надта пазітыўнае, але гэтую кнігу варта прачытаць, калі вас хвалюе бягучы беларускі літаратурны працэс.
353,7K
Torvald516 апреля 2021 г.Читать далееЕва Вежнавец належыць да тых пісьменніц, якія пішуць “рэдка ды трапна”. Яе папярэдняя кніга “Шлях дробнай сволачы”, яна ж і першая, выйшла ў 2008 годзе ў кніжнай серыі “Кнігарня Нашай Нівы”. І вось пабачыла свет другая кніга “Пашто ідзеш, воўча?”. Практычна ўсе літаратурныя творы, якія яна напісала, прысвечаны метафізічнаму жыццю беларускай вёскі. І большасць галоўных герояў гэтых твораў – вясковыя чараўнікі, шаптухі і дзівакі. І падзеі, якія ў іх адбываюцца, часам настолькі містычныя, што нібыта з адпаведных галівудскіх фільмах.
Вось і новую аповесць “Пашто ідзеш, воўча?” ніяк не параўнаеш з класічнымі творамі Івана Мележа, Анатоля Кудраўца ці Івана Пташнікава. Хаця ёсць беларускі пісьменнік, які нечым блізкі да Вежнавец – гэта Франц Сіўко з яго містычнай аповесцю “Удог”. Бо ў гэтых творах не проста паказаны таемны бок жыцця вяскоўца, або жыхароў мястэчкаў, а тыя сацыяльныя зрухі і трагедыі, якія выпалі на лёс беларусаў у ХХ стагоддзі.
У новай аповесці Евы Вежнавец гэтых трагедыяў так шмат, што часам здаецца, ці не перабольшыла пісьменніца з імі. Кожная змена ўлады прыносіла вяскоўцам усё новыя і новыя трагедыі. А ўжо ўсталяванне савецкай улады, гэтыя трагедыі ператварыла ў будзёнае жыццё. Такое запаволенае кананне.
Дык пра што новая аповесць Вежнавец? Галоўная гераіня Рына, якая ў пошуку лепшага жыцця з’ехала за мяжу, даглядала старых у Нямеччыне, і паціху ператварылася ў алкагалічку. Да яе прыходзіць вестка, што памерла бабуля, якая яе расціла і выхоўвала. Жанчына едзе на пахаванне і вяртаецца не толькі ў родную хату, але і ва ўсё сваё ранейшае жыццё, ва ўсе свае тамніцы, былыя чалавечыя сувязі і нават у наступствы былых мясцовых падзеяў у ХХ стагоддзі. І гэтая трагедыя тутэйшага нядаўняга жыцця зацявае Рыну ў містычны вір. І яна адчувае, што мусіць нешта зрабіць, мусіць разарваць гэтае кола трагедый. Яна згадвае аповед бабулі пра святую крыніцу, якая была засыпаная барацьбітамі з тутэйшымі прымхамі і забабонамі. Пачынае шукаць месца, дзе яна раней была. Стары, сівы крумкач дапамог ёй знайсці. Жанчына аднаўляе крыніцу. Але ў самой Рыны, з яе атрутным ранейшым жыццём, ужо няма ніякай перспектывы. Ні сям’і, ні дзяцей, ні будучыні.
І ўсё гэтыя падзеі адбываюцца ў атачэнні балот і хіжых звяроў. Але нават непраходныя балоты не дапамагалі мясцовым людзям схавацца ад бедаў.
“Вялікія балаты ў нас, непраходныя, а чалавеку ні схову, ані спасу няма. Як захочуць, то дастануць цябе і выкалацяць усю душу – ці ваўкі, ці ўласці.”
232,3K
Belera27 октября 2023 г.Читать далееРына вяртаецца дамоў. Некалі, у пошуках лепшага жыцця яна з'ехала за мяжу, але там не знайшла ні малочных рэк, ні кісялёвых берагоў, адзіныя толькі алкагалізм ды тлен.
⠀
Пакуль дзяўчына павольна, але ўпэўненна паўзла ўніз па сацыяльнай лесвіцы, да яе дайшла вестка пра смерць бабулі, якая яе выгадавала і выхавала. І вось Рына едзе на пахаванне ў родную вёску, дзе яе чакае не толькі развітанне з блізкім чалавекам, але і мноства ўспамінаў, у якія зацягне і нас з вамі.
⠀
Гэта кніга не падобна на тую беларускую літаратуру, якая звычайна мне траплялася, ні па стылі, ні па падачы, ні па ідэі. Яна ахоплівае амаль сто гадоў існавання адной беларускай вёскі, з вайной, рэпрэсіямі..ну вы зразумелі, увесь набор. Тут і пра цяжкае жыццё, і пра скалечаныя лёсы, і нестандартны для беларускага аўтара пагляд на вайну. Прапісана добра, мне спадабалася.
⠀
Чаго мне асабіста трохі не хапіла, так гэта дзеянняў у сучаснасці. Я чакала падрабязнага апісання пахавання, чакала гутаркі Рыны з бацькамі. Гэта невялікі, але ўсё ж мінус для мяне.
⠀
Кніжка малюсенькая, і гэта павінна стаць дадатковым матывам для вас да чытання. Не шэдэўры Палярнага, вядома, па аб'ёме, але менш за яго кнігі толькі выданні для двухгадовых і лістоўкі, што ля метро раздаюць. Але гэта я адхілілася.
⠀
Насуперак невялікаму аб'ёму, кніга вельмі атмасферная. Яна адчуваецца як надвор'е ў Мінску пад канец кастрычніка - імглістая, сырая, панурая. Яе ідэальна чытаць зараз, пакуль не выпаў снег.
⠀
Ты як быццам сапраўды сядзіш з бабуляй у вёсцы познай восенню. Блякла гарыць святло, за акном буяніць вецер і ідзе халодны дождж. Ты сёрбаеш гарачы чай з кубка (не нейкі там, з сервіза!), хапаеш чарговую булачку з кошыка на стале і слухаеш бабуліны ўспаміны.
⠀
Хто ад такога адмовіцца?201,4K
lapa_lipa7 ноября 2023 г.– Па што ідзеш, воўча? – Па астатняе.
Читать далееЗаўважыла кнігу я праз Прэмію Ежы Гедройца за найлепшую прозу на беларускай мове ў 2020, якой была ўганараваная.
Балотная казка Евы Вежнавец (Сьвятланы Курс) распавядае пра алкагалічку сярэдніх гадоў Рыну, якая зь неахвотай вяртаецца ў беларускую глушэчу на пахаваньне сваёй бабкі-варажбіткі. Адбываецца гісторыя праз сьветапогляд вельмі траўматызаванага чалавека, які так і ня змог прыстасавацца да сучаснага жыцьця.
Калі старая Рыны дажывала жыцьцё, яна займалася чужымі ў дамах шчасьлівай старасьці на Захадзе. Дома Рыне выпадзе не пазьбежнае – нырнуць ва ўспаміны былога. Былога беларускай зямлі.
Усе падзеі й апісаньні меюць пад сабою падмурак рэальных людзей. Вежнавец пастаралася не прапусьціць ні воднага слова зь мясцовай любацка-слуцкай гаворкі. Атрымалася сакавіта, нібыцца асобны літаратурны аўтэнтычны напрамак. Паводле аднаго зь интэрв’ю, Вежнавец да шасьці гадоў зусім не размаўляў па-руску й расла сярод дарослых нават 1900-х гадоў нараджэньня. Упершыню са дзіўленьнем чытала слова «уёска».
Шчыра кажучы, я суткі не магла да канца зразумець сваё стаўленьне да кнігі… Але ўсё ж такі зразумела. Галоўным героем выступае не чалавек. Выступае боль яго народу.
Кожнае слова ў кнізе будзе інтуітыўна зразумела кожнаму беларусу. Мне здаецца, што нават замежнік на іншай мове не зможа ўвогуле адчуць кнігу, бо яна перакладу не належыць. Ды й навошта? Мяркую, што яе й ня трэба перакладаць, яна павінна застацца толькі для беларускаў, як штосьці запаветнае.
61,5K
Quies29 апреля 2023 г.Читать далееВельмі балюча такое чытаць. У галаве моцна сядзіць міф аб другой сусветнай. Хоць і разумееш, што людзі менавіта так сябе і паводзяць, што створаная ў трыццатых рэпрэсіўная машына, вядома, не магла спыніцца, усё роўна чапляешся за дзіцячую казку аб добрых і дрэнных. Аўдыё менш за 4 гадзіны, і ў іх усё дваццатае стагоддзе адной беларускай вёскі. Проста канцэнтрат болю. І з вялікім жахам разумееш напрыканцы, што заўсёды, ў кожнай вёсцы будзе свой воўча. Ненаедны, злы і амаль заўсёды беспакараны.
Спадабалася, як чытае Алёна Зуй-Вайцяхоўская.61,8K