Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Па што ідзеш, воўча?

Ева Вежнавец

  • Аватар пользователя
    Torvald516 апреля 2021 г.

    Ева Вежнавец належыць да тых пісьменніц, якія пішуць “рэдка ды трапна”. Яе папярэдняя кніга “Шлях дробнай сволачы”, яна ж і першая, выйшла ў 2008 годзе ў кніжнай серыі “Кнігарня Нашай Нівы”. І вось пабачыла свет другая кніга “Пашто ідзеш, воўча?”. Практычна ўсе літаратурныя творы, якія яна напісала, прысвечаны метафізічнаму жыццю беларускай вёскі. І большасць галоўных герояў гэтых твораў – вясковыя чараўнікі, шаптухі і дзівакі. І падзеі, якія ў іх адбываюцца, часам настолькі містычныя, што нібыта з адпаведных галівудскіх фільмах.

    Вось і новую аповесць “Пашто ідзеш, воўча?” ніяк не параўнаеш з класічнымі творамі Івана Мележа, Анатоля Кудраўца ці Івана Пташнікава. Хаця ёсць беларускі пісьменнік, які нечым блізкі да Вежнавец – гэта Франц Сіўко з яго містычнай аповесцю “Удог”. Бо ў гэтых творах не проста паказаны таемны бок жыцця вяскоўца, або жыхароў мястэчкаў, а тыя сацыяльныя зрухі і трагедыі, якія выпалі на лёс беларусаў у ХХ стагоддзі.

    У новай аповесці Евы Вежнавец гэтых трагедыяў так шмат, што часам здаецца, ці не перабольшыла пісьменніца з імі. Кожная змена ўлады прыносіла вяскоўцам усё новыя і новыя трагедыі. А ўжо ўсталяванне савецкай улады, гэтыя трагедыі ператварыла ў будзёнае жыццё. Такое запаволенае кананне.

    Дык пра што новая аповесць Вежнавец? Галоўная гераіня Рына, якая ў пошуку лепшага жыцця з’ехала за мяжу, даглядала старых у Нямеччыне, і паціху ператварылася ў алкагалічку. Да яе прыходзіць вестка, што памерла бабуля, якая яе расціла і выхоўвала. Жанчына едзе на пахаванне і вяртаецца не толькі ў родную хату, але і ва ўсё сваё ранейшае жыццё, ва ўсе свае тамніцы, былыя чалавечыя сувязі і нават у наступствы былых мясцовых падзеяў у ХХ стагоддзі. І гэтая трагедыя тутэйшага нядаўняга жыцця зацявае Рыну ў містычны вір. І яна адчувае, што мусіць нешта зрабіць, мусіць разарваць гэтае кола трагедый. Яна згадвае аповед бабулі пра святую крыніцу, якая была засыпаная барацьбітамі з тутэйшымі прымхамі і забабонамі. Пачынае шукаць месца, дзе яна раней была. Стары, сівы крумкач дапамог ёй знайсці. Жанчына аднаўляе крыніцу. Але ў самой Рыны, з яе атрутным ранейшым жыццём, ужо няма ніякай перспектывы. Ні сям’і, ні дзяцей, ні будучыні.

    І ўсё гэтыя падзеі адбываюцца ў атачэнні балот і хіжых звяроў. Але нават непраходныя балоты не дапамагалі мясцовым людзям схавацца ад бедаў.

    Вялікія балаты ў нас, непраходныя, а чалавеку ні схову, ані спасу няма. Як захочуць, то дастануць цябе і выкалацяць усю душу – ці ваўкі, ці ўласці.

    23
    2,3K