
Пераклады
Wild_Iris
- 1 228 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Калі словы ultras і hool для вас не пусты гук, а футбол — гэта больш, чым спорт, то варта пазнаёміцца з дэбютным творам маладога нямецкага пісьменніка Філіпа Вінклера, які ўжо атрымаў у Германіі процьму літаратурных узнагарод. Сёлета раман «Hool» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве Кнігазбор у перакладзе Вадзіма Мохава.
Галоўны герой кнігі Хайка Кольбэ можа смела сказаць, што ў яго дзве сям’і: адна біялагічная, дзе ён нарадзіўся і вырас, а другая — тая, якую ён сам абраў. Гэта яго сябры па футболе, фанаты клуба «Гановер 96». Так званыя хуліганы — хлопцы, якія бароняць гонар роднай каманды па-за стадыёнамі і футбольнымі матчамі.
Але ў біялагічнай сям’і Хайка чакаюць толькі маці, якая іх кінула, бацька, які бясконца праходзіць курсы рэабілітацыі для алкаголікаў, ды сястра, якая адчувае сябе няшчаснай.
У хуліганскім асяроддзі ўсё значна прасцей. Тут усё вырашае выключна твая сіла, уменне падставіць плячо сябру і пастаяць за сябе. І гэта ўсё, што ёсць у Хайка, без чаго ён не ўяўляе жыцця. Яго цяжка назваць станоўчым персанажам, бо гэта агрэсіўны юнак, маўленне якога перапоўнена грубымі выразамі, а паводзіны вызначаюцца жорсткасцю. Раптоўна гэты прывычны для Хайка свет пачынае ламацца, калі сябры адзін за адным адыходзяць ад справы. Для хлопца такія паводзіны роўныя здрадніцтву, але ён не збіраецца здавацца і хоча выратаваць свой свет ад разбурэння.
Кніга, якая дазволіць вам зазірнуць у іншы свет, для кагосьці прывычны і знаёмы, а для кагосьці новы і незвычайны, магчыма, нават варожы.
Я вельмі блізка ведаю ўсе тыя рэчы, пра якія піша Вінклер, для мяне гэта сапраўды не пусты гук. Але чамусьці кнігу чытаць было даволі нудна. Вядома ж, нямецкі хуліганскі рух не параўнаць з беларускім, але ў аўтазаку пасля футбола нават мне давялося пакатацца. У гэтай кнізе, здаецца, дастаткова праўдзіва ўсё апісваецца, ты верыш галоўнаму герою, але не кранае.
Дынамікі малавата, хаця здавалася б, што ў жыцці Хайка адбываецца даволі шмат падзей.
Калі цікавіцеся кнігамі на такую тэму, то ўсё ж лепш пачытаць Брымсана. А гэтая няхай стаіць на палічцы ў маёй футбольнай калекцыі.

Hool - дэбютны раман Філіпа Вінклера, распавядае пра футбольнага фаната-хулігана Хайка Кольбэ, які падтрымлівае клуб Гановер-96. Хайка мае дзве сям'і - адна у якой ён нарадзіўся і якая распалася яшчэ ў яго дзяцінстве. Маці сышла ад бацькі і бацька зрабіўся алкаголікам і пазней прывёз з Тайланду новую жонку. Другую сям'ю - брыгаду футбольных хуліганаў узначальвае дзядзька Хайка. У гэтую сям'ю уваходзяць яго лепшыя сябры. Але і тут не ўсё ладзіцца. І аднойчы сябры, перад матчам-бойкай супраць найгоршых ворагаў, з розных прычын вырашаюць завязаць з бойкамі. Хтосьці з-за сям'і, хтосьці з-за працы, а найлепшы сябра з-за таго, што быў моцна збіты і амаль страціў зрок. Вось толькі Хайка такі выбар не прымае і лічыць іх здраднікамі.
Здаецца сябры сыходзяць, бо пасталелі і бойкі іх больш не цікавяць. А Хайка сталець не збіраецца, застаецца інфантыльным дзіцём. Ён як грыф на ферме дзе жыве Хайка. Гэты грыф прасядзеў шмат часу ў комнаце дзе пояць, кормяць і прыбіраюць за ім дзярмо, а калі дзверы і вокны адчынілі нікуды злятаць не збіраецца, толькі пакутуе ад холаду. Відаць што Хайка, як і дзядзька застанецца ў гэтай тэме хулсу да сталага веку.
Субкультура хулсу паказана падрабязна. Для хуліганаў, у адрозненне ад ультрас, галоўнае не футбол, а абараніць гонар клубу у бойках. І на стадыёне для гэтага прысутнічаць не трэба, можна нават не глядзець гульню па тэлебачанню. Бо хулс - эліта футбольнага двіжу (па меркаванню саміх хулсаў).

Шчыра кажучы, я быў крыху здзіўлены тым, што хулс і ультрас – гэта такія розныя рэчы. Так, гэтым сваім памылковым меркаваннем я адразу паказваю, наколькі я не ў тэме. Дык яшчэ мало таго, што гэта розныя рэчы, мяне больш здзівіла з якой пагардай Хайка і яго таварышы ставяцца да тых, хто толькі на трыбунах крычыць, а па-за трыбунай не можа паказаць сваю годнасць. Так ці інакш, але дадзены факт я прыняў і ўсвядоміў.
Гэты раман надзіва добра мне зайшоў. Вось не чакаў я такога, але атрымалася так. У чым жа справа? На першы погляд ён мала адрозніваецца ад фільмаў кшталту “Хуліганаў з Зялёнай вуліцы” і таму можа падацца другасным. Аднак усе ж гэта не так.
Хочацца сказаць, што гэта раман сталення, але ж Хайка, у адрозненне ад сваіх сяброў, не сталее. Магчыма менавіта з гэтай мэтай аўтар знаёміць чытачоў з асобнымі падзеямі з жыцця галоўнага героя ў адваротным храналагічным парадку, то бок ад бягучых падзей да яго дзяцінства. Здаецца, Хайка і не хоча сталець. Яго задавальняе такі лад жыцця. Так, ёсць пэўныя цяжкасці, але ж у жыцці Хайка застаецца галоўнае – “96”, надзейныя сябры і групоўка, якой кіруе яго родны дзядзька, а ў будучым можа кіраваць і сам Хайка. А вось яго сябры сталеюць. У іх жыцці з’яўляюцца новыя прыярытэты: у каго сям’я, у каго трэнерская кар’ера, а у каго і проста жаданне рухацца далей. Хайка лічыць іх здраднікамі і адштурхоўвае сяброў. І вось гэта, разам з іншымі праблемамі, распаляе яго гнеў і прыводзіць да таго, што яму самому было брыдка ў самым пачатку рамана. Памятаеце эпізод з Цёлерам падчас бойкі з кёльнцамі? А фінал гэтага рамана вельмі кінематаграфічны, на маю думку. Затое аўтар дае нам магчымасць самім паразважаць, што ж будзе з Хайка далей. Можа ён пераломіць сябе і ўсё ж пасталее. А можа здзічэе і страціць цікавасць да жыцця, як той жа Зігфрыд. Ці пойдзе шляхам Джоэля і яго бацькі.
Здавалася б раман пра такіх брутальных хлопцаў не можа быць сентыментальным, ці, лепш сказаць, не павінен быць сентыментальным, але ж ён закрануў нейкія струны ў маім сэрцы. На самай справе тут досыць такіх момантаў, як, напрыклад, сцэна развітання Хайка з Зігфрыдам. Ну, можа астатнія не такія яскравыя, але яны ёсць. Вось, магчыма, гэтым мне дадзены раман і спадабаўся.
Не ведаю, наколькі праўдзіва Філіп Вінклер паказвае субкультуру футбольных хуліганаў, але калі аўтары іншых рэцэнзій станоўча ацэньваюць гэта, то і мне няма чаго крытыкаваць ці сумнявацца.