
Заўжды з асаблівай асцярожнасцю чытаеш кнігі нашых дэбютантаў, а потым у водгуку карпатліва падбіраеш словы, бо замежныя аўтары наўрад ці прачытаюць твае пасты ў інстаграме ці тэлеграме, а вось на паведамленні абураных маладых беларускіх літаратараў мне ўжо даводзілася адказваць. Таму з водгуку ў водгук не стамлюся паўтараць, што не маю намер адбіць у пачаткоўцаў жаданне пісаць і тым больш не абражаю іх пісьменніцкія здольнасці. Я проста выказваю сваю чытацкую пазіцыю (абцяжараную філалагічнай адукацыяй) і ўважліва разбіраю прачытаныя творы. Аднолькава стаўлюся як да новых аўтараў, так і да ўжо вядомых, таму ніколі не спісваю адмоўныя якасці кнігі на тое, што аўтар малады, зялёны, ды яшчэ навучыцца. Калі напісана дрэнна, я скажу пра гэта і не буду апраўдваць пісьменніка “ну, гэта ж дэбютны твор”. У сусветнай літаратуры нямала прыкладаў, калі менавіта дэбютны твор рабіў пісьменніка зоркай літаратуры.
Такая доўгая прэлюдыя да водгуку на дэбютны раман Максіма Кутузава “Князь-ваўкалак”. З адзнакі 3/5 можна зразумець, што стаўленне ў мяне да твора нейтральнае. Я не магу назваць яго дрэнным ці няякасным, але і задавальнення ў працэсе чытання не атрымала (часткова гэта выклікана халатнай рэдактурай). Сярэднявечча, малады князь, уладар вялікай дзяржавы, які марыць пра яе росквіт. Але князь незвычайны, з адной асаблівасцю, якая выяўленая ў назве твора: здольнасць ператварацца ў ваўка. У такім выглядзе ён любіць паблукаць вечарам па ваколіцах свайго княства, паслухаць, што кажуць людзі, ці не плануецца якая змова супраць яго кіравання. Аповед у кнізе лінейны, падзеі адбываюцца паслядоўна. Калі спрошчана, то гэта гісторыя пра жыццё князя і княства, адносіны паміж дзяржавамі.
Што мы маем? Вызначэнне жанру як “прыгодніцка-гістарычны раман”. Што ёсць насамрэч? Усё апісанае адсутнічае. Гістарычны раман павінен апісваць дзеянні, якія разгортваюцца на фоне гістарычных падзей, адлюстроўваць асаблівасці пэўнай гістарычнай эпохі. Ён не абавязкова дакументальны, у гэтым жанры ёсць месца для мастацкага вымыслу, нароўні з сапраўднымі гістарычнымі асобамі могуць дзейнічаць выдуманыя персанажы, але мусіць быць гістарычны фон. Гэта калі “князь падперазаў свой кунтуш, з-пад якога выглядаў жупан”. А для гэтага аўтар павінен мець веды шырэйшыя за школьныя падручнікі. Напрыклад, у сучаснай літаратуры гістарычныя раманы піша Людміла Рублеўская, якая арыентуецца ў законах жанру. Няхай часам апісвае гістарычныя рэаліі вельмі падрабязна, нібы тлумачыць урок школьніку, але прынамсі яе раманы жывыя, у галаве лёгка малююцца вобразы, якія яна стварае ў творах.
Тут жа гістарычны перыяд паказаны вельмі схематычна, але беларускаму чытачу дастаткова пабачыць у кнізе слова “княства”, каб суаднесці апісаную ў творы дзяржаву з Вялікім княствам Літоўскім. І ўсё ж у кнізе мы не бачым ніякіх значных гістарычных падзей, якія б дазволілі дакладна правесці гэтае параўнанне. Таму тут проста нейкі ўмоўны князь нейкай умоўнай дзяржавы.
Слова “раман” таксама выглядае дастаткова ўмоўна. Кніга хутчэй чытаецца як накід, чарнавік, схема, адсутнічае маштабнасць рамана, пастаноўка важных жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў розныя аспекты чалавечага жыцця. У рамане чытачы павінны бачыць развіццё галоўнага героя і персанажаў з яго асяроддзя. Тут жа больш-менш падрабязна апісаны толькі князь, глыбокі аналіз якога праведзены досыць невыразна. Адна з асноўных асаблівасцей рамана — паказ развіцця персанажаў, іх унутранага станаўлення. Князь-ваўкалак у канцы кнігі ўсё ж вырашыў, з якой жанчынай хоча бавіць час, вось і ўсё ўнутранае станаўленне.
Ды і з прыгодамі тут так сабе. Асабіста мне не сустракаліся сюжэтныя павароты, якія б прымусілі здранцвець у захапленні ці жаху і сутаргава перагортваць старонкі з думкамі “а што ж там далей”. Кніга чыталася роўна, фэйспалмаў не выклікала, але і не захапіла. Атрымалася вольная фантазія аўтара на тэму “если б я был султан...”. Прыдворныя баляванні, інтымныя адносіны з рознымі жанчынамі, часам з некалькімі адначасова і ўлада над велізарнай дзяржавай. А што яшчэ князю трэба?
Увогуле, усю кнігу выдатна апісвае слова “ўмоўны”. Умоўна гістарычная, дзе ўсе персанажы ўмоўныя, як схематычныя пазначэнні гульцоў, і футбольны трэнер рухае іх па дошцы перад гульнёй, калі тлумачыць тактыку. Але нават у футболе ёсць месца нечаканым паваротам і імправізацыі.
Ну і асобная непрыемная частка кнігі — халатная рэдактура. У кнізе вельмі шмат памылак. Не абдруковак па няўважлівасці, а менавіта памылак. Хочацца верыць, што рэдактар проста выпусціла гэта з-пад увагі, а не бярэцца за рэдактарскую працу з няведаннем элементарных школьных правіл.









































