Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Ноч цмока

Валеры Гапееў

  • Аватар пользователя
    xbohx5 сентября 2017 г.

    Валеры Гапееў з тых пісьменнікаў, якія не расчароўваюць мяне сваёй творчасцю. Ён стабільна выдае якасныя раманы, прычым як для дарослых, так і для падлеткаў. Раманы для дарослых у яго атрымліваюцца даволі змрочныя і таямнічыя, як я люблю. Раю вам папярэдні раман "Праклён", а пакуль раскажу пра "Ноч цмока", якая пакуль для мяне прэтэндэнт на атрыманне галоўнай узнагароды сёлетняй Прэміі Гедройца.

    Спачатку ніяк не адпускала адчуванне, што недзе я ўжо такое чытала. Успомніўся раман польскага пісьменніка Зыгмунта Мілашэўскага "Доля праўды", які я прачытала ў мінулым месяцы. Усё супадае: правінцыя, таямнічае забойства жанчыны, галоўны герой з праваахоўных органаў разгадвае загадку. Праўда, на гэтым падабенства твораў заканчваецца, бо абодва створаныя на чыста мясцовым каларыце. У Мілашэўскага гэта Сандамір, адносіны палякаў і яўрэяў, у Гапеева беларуская міфалогія.

    Пасярод поля знаходзяць мёртвую голую дзяўчыну. Слядоў вакол няма, нават не вельмі зразумела, як яна на тое поле трапіла, ды яшчэ і голая (і толькі пасля родаў). Бо поле — гэта ўсё ж такі зямля, а ёй мусяць застацца якія-ніякія сляды. Сродак забойства таксама застаецца таямніцай, толькі маленькая дзірка на целе дзяўчыны. Следчы Васіль павінен раскруціць гэты клубок, хоць яшчэ не ведае, што разгадка можа каштаваць яму жыцця.

    Вельмі класна, што падзеі разгортваюцца ў райцэнтры, і Гапееў добра паказвае мясцовае жыццё.
    Не абышлося ў рамане без так званых "свядомых" момантаў, што тыпова для Гапеева. Ёсць тут апантаныя беларускім змагары (няхай ужо і не вельмі актыўныя), якія, аднак, маюць даволі цесную сувязь з рэчаіснасцю, дах у іх на месцы. Да іх адносіцца жанчына галоўнага героя і яе брат. А ёсьць, так бы мовіць, сектанты, для якіх беларускасць — закрыты клуб, ледзь не элітарны, дзе яны могуць ладзіць свае рытуалы, уваскрашаючы забытыя традыцыі продкаў і не дапускаючы да іх чужынцаў. А рытуалы часам даволі небяспечныя. Высвятляецца, што забітая дзяўчына была адной з удзельніц такога клуба.

    На маю думку ідэя твора ляжыць глыбей, чым усе гэтыя найменні — эратычна-містычны дэтэктыў. Ёсць у кнізе роздум над лёсам беларускай нацыі, якая ніяк не можа займець вартага лідара, таму вымушана штучна яго вырошчваць (але тут без спойлераў, чытайце далей самі). Гэта такі твор, па якім амерыканцы лёгка б знялі атмасферны серыял (накшталт True detective, бо ў мяне ў галаве ў часе чытання якраз круціўся іх саўндтрэк). Дэтэктыў, эротыка, каханне, містыка, беларуская міфалогія — у суме добры ўзор сучаснай літаратуры. Вельмі радуюся, што ў нас такое ёсць (не ўсім жа постмадэрнізм пісаць).

    9
    500