Бо шчасце - гэта заўсёды нешта недасягальнае. Яно - толькі наперадзе. І калі ты дасягнуў, дамогся таго, чаго так ужо да няўсцерпу чакаў, - табе робіцца вельмі ж ужо радасна, і ты, задаволены і зняможаны, лічыш, што гэта і ёсць шчасце. А пройдзе час, і зноў заўважаеш, што гэтае шчасце блякне, робіцца будзённым жыццём, а ты, нудзячыся ад яго, пачынаеш сумаваць і тужліва чакаць нечага такога, што яшчэ наперадзе, што непазнана, як музыка, турбуе цябе і прымушае шчымець сэрца. Шчасце - гэта не тое, чаго ты дасягнуў. Відаць, шчасце нельга ўзяць у рукі і разгледзець, бо шчасце - гэта заўсёды лінія гарызонта: а на яе не наступіш нагою.