Яе забрала хутчэй, літаральна праз секунду цела неяк механістычна выгнулася і яна хрыпотка засмяялася. Я ўсё спрабаваў учытацца ў няўцямныя словы кшталту «спадчына», калі пачуў, што стук майго сэрца робіцца гучнейшым, скарэйшым, заглушае клубную музыку і пераўтвараецца ў постук капытоў каня, які нясецца праз поле. І перш чым канчаткова адключыцца, я паспеў пабачыць, як шуганула сінім электронным полымем стужка з тэкстам — яна была з самазнішчальнай паперы: шуганула і знікла, пакінуўшы ў паветры блакітную малекулярную завісь, а мяне ўжо валакло — рэальнасць зацямнілася хуткім калейдаскопам з побытавых сцэнаў з нейкай іншай планеты: вось я стаю ля нейкай урослай у глебу зямлянкі, складзенай з вялікіх ствалоў дрэў, натуральна — бярвення, у яе ёсць нават ліштвы на вокнах, пафарбаваныя ў блакітны колер. Вось я разумею, што ў гэтым склепе нехта жыве, потым разумею, што жыву там я, потым разумею, што жыву там — oh shit! — шчасліва. Потым бачу, як пад вялікім дубам нам з чарнявай дзяўчынай, твар якой мне падаецца знаёмым, вяжуць рукі белымі палотнамі, чую страшныя харавыя спевы бабуль на нейкім незразумелым language, потым зноў шэраг хуткіх сполахаў з рэальнасці, якой ніколі не існавала і існаваць не магло: вось я набіваю на дубовы слуп нейкія жэрдкі, і я ведаю аднекуль, што гэта завецца плотам, вось я валакуся па полі за канём, трымаючы ў руках нешта вельмі цяжкае, і чутно толькі маё збітае дыханне, вось — нейкае абарыгенскае свята, дзе ўсе скачуць праз вогнішча, і зноў гэтая чарнявая дзяўчына, з якой я кружуся, узяўшыся за рукі, і раптам разумею, што музыка, якая гучыць — нейкае піліканне на прымітыўным струнным, — вельмі прыгожая, і пад яе добра скакаць па роснай траве пад зорным небам, і тут — мяне ўжо ціскаюць за плячо, ляпаюць па шчацэ: прыход сапраўды быў вельмі кароткім і не вельмі глыбокім.