Шагойка прысеў на лаўку, слупкі якой былі ўкапаныя ў зямлю амаль над самым схілам, і зноў закурыў. Ён не баяўся сьмерці. Але хацеў вызначыць для сябе, што мусіць зрабіць на разьвітаньне. Ён не хацеў ніякіх удзячнасьцяў, жалобных аркестраў і салютаў. Не хацеў партызанскіх памінальных сталоў. Але мусіць быць нейкі адыходак? Гэтае амаль філязофскае пытаньне не давала яму спакою.
«Хопіць пустых развагаў, калі навокал такая прыгажосьць», – сказаў сабе Шагойка, устаў і пачаў спускацца з узгорку ўніз да басэйна. Выйшаў на драўляны борцік насупраць фантанаў, зьняў чаравікі і нагавіцы, пінжак і, сеўшы на край, апусьціў ногі ў ваду. Яна ледзь-ледзь даставала да шчыкалатак, але і гэта асьвяжала ўсё цела і прыемна казытала ступні. Вада была нязвыкла цёплай для адкрытага вадаёму, нават для гарачага жніўня.
Штосьці хацелася сказаць, зрабіць, можа, прасьпяваць. Шагойка дастаў з унутранай кішэні пінжака шарыкавую асадку і каліграфічным почыркам напісаў на драўляным борціку: «Тут быў Іван Шагойка». І яму стала лягчэй. Як быццам ён зрабіў штосьці важнае. Як быццам пра яго жыцьцё выдалі кнігу ці зьнялі фільм. І цяпер пра Івана Шагойку будуць памятаць доўга. А пакуль людзі памятаюць – чалавек прысутнічае на гэтым сьвеце.