Поэзия
olkhovique
- 7 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Гэтая кніга ў нейкім сэнсе ўнікальная. Пра тое, што мастак Рыгор Сітніца піша вершы, не было для аматараў беларускай паэзіі таямніцай. Час ад часу яго вершы друкаваў часопіс “Дзеяслоў”, і нават у 2006 годзе паэт атрымаў прэмію часопіса “Залаты апостраф”. Прычым Сітніца пісаў вершы са школьных гадоў. Але толькі ў 2018 годзе нарэшце пабачыла свет яго першая кніга вершаў “Ток”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” і аб’яднала лепшыя паэтычныя творы Сітніцы, напісаныя за ўсе ранейшыя гады.
І гэтая кніга сапраўды ўражвае – і паэтычнай культурай, і глыбокімі думкамі, і грамадзянскім гучаннем, і скіраванасцю на класічную паэтычную традыцыю. Нечым вершы Сітніцы блізкія да паэтыкі Уладзіміра Някляева. І формай рыфмаванага верша, і нейкім грамадзянскім нервам, калі паэтычны радок адгукаецца на жыццё і падзеі ў тваёй краіне. А таксама ўвагаю да роднай гісторыі і культуры. Таму ў вершах Сітніцы шмат гістарычных асобаў, згадак гістарычных падзеяў. Ёсьць тут і Вільня, і Наваградак, і Свіцязь, і полацкія старажытныя героі, але таксама ёсць і Варшава, і Паланга. І нечакана, усё ж аўтар мастак па адукацыі і асноўнай сваёй прафесійнай дзейнасці, шмат вершаў пра музыку, пра класічную музыку. Бо вершы і музыка, гэта для Сітніцы штосьці роднаснае, штосьці з аднаго, вельмі блізкага, культурнага шэрагу. То-бок, для Сітніцы важна, каб у вершы гучала музыка.
Ну і варта тут прывесці словы Рыгора Барадуліна, якія пададзены ў анатацыі да кнігі: “У вершах Рыгора Сітніцы – раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і раздумнасць, прыпар шчодрадайнасці й прысмерк смутку, баляванне гуку і раскоша майстэрства”.

Кнігу “Ток” бацькі набылі на “Канцэрце для скрыпкі і завірухі”, які беларускі паэт і мастак Рыгор Сітніца ладзіў сумесна з гуртом “Палац”. Шчыра кажучы, тады я пачула імя паэта ўпершыню. З аднаго боку, гэта мая вялікая хіба, з іншага – мабыць, не было б такім моцным здзіўленне і захапленне. Бо магу сказаць, што гэтыя вершы адныя з найлепшых, што мне даводзілася чытаць не толькі ў беларускай паэзіі.
Паэт кранае вечныя экзістэнцыяльныя тэмы: самота, смерць, жыццёвы выбар з яго непазбежнымі памылкамі, страты, няздзейсненыя мары і каханне, але і вера, якая, адчуваецца, дапамагае аўтару прымаць і пераадольваць цяжкасці, дае надзею.
Вобразы такія простыя, натуральныя, нейкія родныя, таму, калі чытаеш, разважаеш і пра сваё жыццё, адчуваеш разам з аўтарам – чытанне робіцца тэрапеўтычным.
Адзін з раздзелаў кнігі цалкам прысвечаны тэме смерці, развітання і памяці аб тых, хто адышоў у іншы свет. Чытаць аб гэтым нялёгка, але варта. Таксама як і паэму “Знак перасцярогі”, асабістую споведзь, малітву аб паратунку, што была пачутая.
І ўсё ж вершы Сітніцы светлыя, вельмі шчырыя, без цені патасу і штучнасці, а некаторыя нават суцэльна поўныя радасці і натхнення.
Паэт напісаў маёй маці на памяць пажаднне свята ў будзённым жыцці.
Гэтае свята стварыць нескладана – усяго толькі адкрыць зборнік добрых вершаў.
Меркаванне аб выданні:
Выданне лаканічнае, але добрае. Цвёрдая воладка, плотная белая папера.
Ёсць кароткая біяграфія Р. Сітніцы, падробны змест.
Кніга падзеленая на раздзелы з невялічкімі эпіграфамі з вершаў, а таксама з фотаздымкамі аўтара, якія вельмі добра пасуюць да яе настрою.
Каму я раю гэтую кнігу:
Усім, хто любіць беларускую мову, паэзію, хто хоча, адкінуўшы штодзённую мітусню, глыбей зазірнуць у наваколле і ў сябе.

Кніга "Ток" спадабалася тым, што ў ёй адабрана самае лепшае Р.Сітніцы як паэта (безумоўна - таленавітага), так і мастака (можна пабачыць яго таксама таленавітыя малюнкі). Цікавы "мікс" паэзіі і малюнка! Тут ён выглядае вельмі гарманічна. Тым і прывабна гэтая кніга.

І збіраюцца ў вырай
апошнія цёплалюбівыя беларусы.
Што ж, няхай спадарожным
будзе ім вецер, а Клопат Вышні
Долю вышые ім залачонаю ніткай,
ці хоць бы срэбнай...
Ну а мы зімаваць застаемся тут
і тлумачыць лішне,
Што камусьці вясною
шпакоў і буслоў
сустракаць патрэбна.

І душа амаль не месціцца
У грудзях, і дзіўна зроку
Бачыць, як дрыжыцца месяцу,
Ці слязінцы ў Божым Воку.

Квітнеюць вішні.
Сцежкаю саду іду,
Як Млечным Шляхам.
Ранак. Ранетаў
Россып на роснай траве.
Рэха дзяцінства.