Мера святла
Гэты снег, панове,
нібыта магічнае нейкае шоу,
Што душу вяртае ў пачатак,
туды, дзе святло найперш.
І, напэўна, снег гэты
дзеля таго і прыйшоў,
Каб наўмысна патрапіць у верш.
Ён, відаць, убачыў,
што дзень мой замглёны брыдкай маной,
І пра штосьці светлае
сёння наўрад ці я напішу,
І чакаць не стаў, і пайшоў,
ды так, што - Божа ж ты мой! -
Мне цярушыцца проста ў душу.
І так мала трэба, панове,
каб трохі сабе памагчы:
Варта толькі ўпусціць святло,
дзе скруха кубло звіла.
І няхай гэты снег растане,
ды мерай маіх велічынь
застанецца мера святла.
1978-2017