Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Ток

Рыгор Сітніца

  • Аватар пользователя
    Torvald514 мая 2019 г.

    Гэтая кніга ў нейкім сэнсе ўнікальная. Пра тое, што мастак Рыгор Сітніца піша вершы, не было для аматараў беларускай паэзіі таямніцай. Час ад часу яго вершы друкаваў часопіс “Дзеяслоў”, і нават у 2006 годзе паэт атрымаў прэмію часопіса “Залаты апостраф”. Прычым Сітніца пісаў вершы са школьных гадоў. Але толькі ў 2018 годзе нарэшце пабачыла свет яго першая кніга вершаў “Ток”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” і аб’яднала лепшыя паэтычныя творы Сітніцы, напісаныя за ўсе ранейшыя гады.

    І гэтая кніга сапраўды ўражвае – і паэтычнай культурай, і глыбокімі думкамі, і грамадзянскім гучаннем, і скіраванасцю на класічную паэтычную традыцыю. Нечым вершы Сітніцы блізкія да паэтыкі Уладзіміра Някляева. І формай рыфмаванага верша, і нейкім грамадзянскім нервам, калі паэтычны радок адгукаецца на жыццё і падзеі ў тваёй краіне. А таксама ўвагаю да роднай гісторыі і культуры. Таму ў вершах Сітніцы шмат гістарычных асобаў, згадак гістарычных падзеяў. Ёсьць тут і Вільня, і Наваградак, і Свіцязь, і полацкія старажытныя героі, але таксама ёсць і Варшава, і Паланга. І нечакана, усё ж аўтар мастак па адукацыі і асноўнай сваёй прафесійнай дзейнасці, шмат вершаў пра музыку, пра класічную музыку. Бо вершы і музыка, гэта для Сітніцы штосьці роднаснае, штосьці з аднаго, вельмі блізкага, культурнага шэрагу. То-бок, для Сітніцы важна, каб у вершы гучала музыка.

    Ну і варта тут прывесці словы Рыгора Барадуліна, якія пададзены ў анатацыі да кнігі: “У вершах Рыгора Сітніцы – раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і раздумнасць, прыпар шчодрадайнасці й прысмерк смутку, баляванне гуку і раскоша майстэрства”.

    11
    255