Отзывы о книге Ток
olkhovique11 июля 2018Кнігу “Ток” бацькі набылі на “Канцэрце для скрыпкі і завірухі”, які беларускі паэт і мастак Рыгор Сітніца ладзіў сумесна з гуртом “Палац”. Шчыра кажучы, тады я пачула імя паэта ўпершыню. З аднаго боку, гэта мая вялікая хіба, з іншага – мабыць, не было б такім моцным здзіўленне і захапленне. Бо магу сказаць, што гэтыя вершы адныя з найлепшых, што мне даводзілася чытаць не толькі ў беларускай паэзіі.
Паэт кранае вечныя экзістэнцыяльныя тэмы: самота, смерць, жыццёвы выбар з яго непазбежнымі памылкамі, страты, няздзейсненыя мары і каханне, але і вера, якая, адчуваецца, дапамагае аўтару прымаць і пераадольваць цяжкасці, дае надзею. Вобразы такія простыя, натуральныя, нейкія родныя, таму, калі чытаеш, разважаеш і пра сваё жыццё, адчуваеш разам з аўтарам – чытанне робіцца тэрапеўтычным.
А ў нашым двары спілавалі старую таполю. Напэўна, істотную меў дзеля гэтага хтосьці прычыну. Магчыма, што ўсё і законна, і слушна,- магчыма, магчыма… Ды сэрцу надоўга хапацьме цяпер і маркоты, і болю; І доўга яшчэ мне выходзіць з пад’езда з параненымі вачыма.
Адзін з раздзелаў кнігі цалкам прысвечаны тэме смерці, развітання і памяці аб тых, хто адышоў у іншы свет. Чытаць аб гэтым нялёгка, але варта. Таксама як і паэму “Знак перасцярогі”, асабістую споведзь, малітву аб паратунку, што была пачутая.
І ўсё ж вершы Сітніцы светлыя, вельмі шчырыя, без цені патасу і штучнасці, а некаторыя нават суцэльна поўныя радасці і натхнення.
Паштоўка Маладым кіпяжам расхінуўшы душу і вакно, Сакавіцкім блакітам паштоўку табе напішу я, І, нібыта з абноўкаю, з небам вясновым цябе павіншую – Да блакіту вачэй тваіх дужа пасуе яно.
Паэт напісаў маёй маці на памяць пажаднне свята ў будзённым жыцці. Гэтае свята стварыць нескладана – усяго толькі адкрыць зборнік добрых вершаў.
Меркаванне аб выданні: Выданне лаканічнае, але добрае. Цвёрдая воладка, плотная белая папера. Ёсць кароткая біяграфія Р. Сітніцы, падробны змест. Кніга падзеленая на раздзелы з невялічкімі эпіграфамі з вершаў, а таксама з фотаздымкамі аўтара, якія вельмі добра пасуюць да яе настрою.
Каму я раю гэтую кнігу: Усім, хто любіць беларускую мову, паэзію, хто хоча, адкінуўшы штодзённую мітусню, глыбей зазірнуць у наваколле і ў сябе.
8 понравилось
490

Комментарии 0
Ваш комментарий
, чтобы оставить комментарий.
Комментариев пока нет,
ваш может стать первым