
Беларуская класіка
Basienka
- 50 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Вёска, вёска і зноў вёска - вось твар беларускай літаратуры 1920-х. Натуральна, пісалі пра тое, што хвалявала, пра тыя месцы, адкуль былі родам, пра тых людей, якія жылі поруч. І я не скажу, што сёння гэта нецікава ці неактуальна (людзі заўжды аднолькавыя - і ў паласах, і на балоце), але тым не менш, першая рэакцыя менавіта такая - "ізноў вёска!".
Лукаш Калюга не адносіцца да шэрагу вядомых беларускіх класікаў, у школе яго не вывучаюць, у кнігарнях амаль не знайсці, але ён вельмі добра "ўпісаўся" ў мае ўяўленні аб беларускай літаратуры 1920-х - недзе поруч з Коласам, а хутчэй з Гарэцкім і нават Мележам, хоць гэта ўжо і пасляваенны час. Апавяданні Калюгі і асабліва аповесць "Нядоля Заблоцкіх" - гэта звычайная беларуская вёсачка, якая жыве сваімі ўнутраннымі турботамі і амаль адрэзана ад навакольнага свету. Суседняе мястэчка - гэта мяжа знаёмага. І нават героі, якія вырываюцца далей - глядзяць па старанах, але не бачаць нічога. Такі сваеасаблівы, крыху сярэднявечны светапогляд, які прымусова знішчыць ужо толькі савецкая ўлада з яе "палітычным інфармаваннем" і "Інтэрнацыяналам".
Калюга аднак - гэта не толькі вёска. Гэта яшчэ целы стос сваеасаблівых рыс, якія дазваляюць лічыць яго, нягледзячы на ўзрост, сталым і арыгінальным аўтарам. Што мне асабліва спадабалась - дык гэта гумар у звычайных паўсядзённых апісаннях, якім, на жаль, звычайна не адрозніваюцца беларускія аўтары, і нейкі флёр беларускай містыкі, занадта лёгкі для таго, каб гучна назваць гэта "магічным рэалізмам" (прывітанне Альгерду Бахарэвічу), але дастатковы, каб надаць апавяданню нейкі каларыт. Што не спадабалася і нават раздражняла - гэта мова. Звычайна добрая літаратурная беларуская мова нібыта цячэ струменьчыкам - словы гладка нанізваюцца адно за адным. У Калюгі мова нейкая... ірваная, калючая, за словы чапляешся, спыняешся. І справа нават не ў тым, што яны занадта арыгінальныя (сэнс звычайна ўсё роўна зразумелы з кантэкста), а ў самім рытме, гучанні тэкста. Я з ім не супала.

Ахвяры і героі
Лукаш Калюга. "Творы".
Апавяданні, аповесці. "Мастацкая літаратура", 2011.
Калі на літаратуразнаўчых канферэнцыях заходзіць гаворка пра творчасць пісьменнікаў, чыё жыццё заўчасна скончылася ў 1930-х гг., выступоўцы заўсёды выказваюць смутак з нагоды гэтай страты. "Ах, якой магла б быць беларуская літаратура, калі б не..."
Але аднойчы зусім іншая размова адбылася падчас нефармальнага камунікавання навукоўцаў (а самае важнае на канферэнцыях чамусьці гаворыцца не з урачыстых трыбун, а пад гарбатку і печыва). Знішчанае пакаленне стваральнікаў беларускай культуры, людзей, з якімі Беларусь магла б быць зусім іншай, — гэта ўсё неаспрэчна. Але катастрофа заключаецца не толькі ў самім факце іх нерэалізаванасці ў жыцці і творчасці.
Былі разбураны працэсы пераемнасці, і многае з таго, што маглі напісаць тады (маецца на ўвазе найперш эстэтыка), беларускія пісьменнікі мусілі "дарабляць" на працягу стагоддзя: літаратура самаарганізуецца, запаўняючы тэматычныя і эстэтычныя лакуны.
Але як мы, навукоўцы і выкладчыкі, працуем з гэтымі неабвержнымі фактамі? Мы гаворым, што стваральнікі беларускай культуры, чыім працягам з'яўляемся мы самі, сталі ахвярамі. Гэтыя гістарычныя падзеі — праўда, якую не варта забываць, але ці можна на такой інтэрпрэтацыі пабудаваць будучыню? Мы транслюем уласную віктымнасць, то бок пазіцыянуем сябе ахвярамі, і калі глядзець глабальна, магчыма, праграмуем сябе на падобны лёс у будучыні.
Ці можна прывабіць у беларускую літаратуру чытачоў і навучэнцаў, калі старанна наклейваць на яе цэтлікі "асуджанасць на смерць", "беспрасветнасць", "пакуты і пакутнікі"? Пісьменнікі, якім не пашанцавала быць у літаратуры ў 1930-х гг., сапраўды былі асуджаны на смерць ужо самім фактам сваёй нацыянальнай прыналежнасці, і яны міжволі прынеслі гэтую ахвяру. Але ў гэтага факта, як у манеты, можа быць 2 бакі. Чапляцца за ахвяр — няплённа з гледзішча нацыябудавання, але з ахвяр можна зрабіць герояў. Тут можна правесці паралелі паміж энергетыкай могілак і храмаў, шкілетамі і мошчамі.
Мне, аўтару гэтых радкоў, 31 год, Лукашу Калюгу было 28, калі ён памёр. Па ягонай творчасці абаронены дысертацыі, напісана шмат артыкулаў, яго творчасць вывучаецца ва ўніверсітэтах, сярод маладзейшага пакалення сучасных беларускіх пісьменнікаў ёсць фанаты яго стылю, людзі, гатовыя "напіцца з калюгі" яго неверагоднай мовы, якая нарадзілася ад зліцця аўтэнтычна народнага і кніжнага (у канцы выдання ёсць "Слоўнік Калюгавай мовы", які там напраўду неабходны нават знаўцам беларушчыны). І ў пэўным сэнсе гэта ўсё можа быць пададзена "гісторыяй поспеху".
Крытыкі, сучаснікі Калюгі, знаходзілі ў ягоных творах хібы, якія сёння глядзяцца вартасцямі: сінтэз рэалізму з рамантызмам, уплыў мадэрнізму, цікавасць да сказавых формаў. Але важней тое, што, маючы цікавінкі для спецыялістаў, Калюга можа быць цікавы шараговаму чытачу.
Яго біяграфія дае падставы для міфатворчасці: калі Кастусь Вашына (сапраўднае імя пісьменніка) страціў маці, то яе замяніла бацькава сястра, а калі памёр і бацька, то ў прымы прыйшоў брат маці. Нібыта захаваліся звесткі пра непаліткарэктныя выказванні пісьменніка пра фіна-ўгорскіх дзяўчат, з якімі не варта круціць раманы. Вядома, даследчыкам цікава, як і чаму пісаліся гэтыя "расісцкія" даносы на Лукаша Калюгу і якое яны мелі дачыненне да яго рэальных поглядаў, але для міфа гэта ўжо не вельмі істотна.
І ў творчасці Калюга мае што прапанаваць і літаратуразнаўцам, і цікаўным чытачам. Спецыялісты ў адзін голас адзначаюць новы тып героя ("Ні госць ні гаспадар") — і пісьменнік можа займаць адмысловае месца ў літаратурнай іерархіі. Але, пагадзіцеся, чытачам важны не першы, а лепшы. І Калюга свайго новага героя падае так, што ён і сёння можа выклікаць цікавасць. У "кручаны час" ён пісаў не столькі пра моднае класавае, колькі пра псіхалагічнае і сацыяльнае, а людзі і іх характары не мяняюцца тысячагоддзямі.
Праз творы Калюгі сённяшняя моладзь мае магчымасць знаёміцца з жыццём сваіх прадзедаў: адносіны ў патрыярхальнай сям'і, баўленне часу, стаўленне да вучобы, сяброўства і кахання — тое, што здаецца само сабой зразумелым старэйшаму пакаленню і што будзе здавацца экзотыкай інтэрнэт-пакаленню.
Але прапаноўваць гэтыя творы варта не з патрабаваннем паплакаць над доляй пісьменнікаў (а бывае і такое ў педагагічнай практыцы), а з прапановай пазнаёміцца з творчасцю тых, хто пражыў наканаваны ім час напоўніцу.
Кніга прадастаўлена Домам кнігі "Светач" (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11)
Аксана БЯЗЛЕПКІНА.

Гэта кніга можа быць вельмі цікавай, нават выключна цікавай па адной простай прычыне. Тыя, хто ўжо знаемы з творчасцю Лукаша Калюгі, гэту прычыну добра ведаюць - кніга ўяўляе цікавасць перш за ўсе з-за мовы. Такіх слоў больш ні ў кога, здаецца. не было, нават калі браць творы пісьменнікаў-равеснікаў Калюгі. Хіба што ўспамінаецца раман Цішкі Гартнага "Сокі цаліны". там таксама есць цікавыя словы, праўда, у Калюгі іх больш.
Кнігу гэту можна лічыць скарбам. Бо мовы - той, якой карыстаўся Калюга, больш няма. За апошнія 100 гадоў беларуская мова паспела перажыць перыяды і адраджэня, і забыцця. Але нават калі дапусціць, што прыйдже час - і яна сапраўды загучыць, прычым не толькі ў грамадскім транспарце, такой, якой яна алісьці была, яна ўжо не будзе.
Словы паміраюць. Гучыць недарэчна, але такое мае месца быць. Калі слова не ўжываецца дзесяцігоддзі, а пасля раптам яго нехта сустракае ці ў творах пісьменніка, ці ў слоўніку, яно наўрадці зможа адрадзіцца. Яно за гады неўжывання перайшло ў састарэлую лексіку, і паправіць гэта нельга. Зрэдку яно можа сустрэцца хіба ў дыялекце, а значыць, і ўспрымацца будзе, як дыялектнае.
Вось прыклад.
Мая бабуля часам ужывае слова "пушка", маючы на ўвазе невялікую каробачку, што закрываецца, або шкатулку. Доўгі час я лічыла гэта слова нават не дыялектным, а словам з асабістага слоўніку бабулі - акрамя яе гэтае слова ніхто не ўжываў. Прынамсі, мне не даводзілася чуць яго з яшчэ чыіх-небудзь вуснаў. Але колькі год таму, чытаючы адно з апавяданняў Зарэцкага (здаецца, "Двое Жвіроўскіх"), я сустрэла гэта слова. Значыць, у 30-я яно было жывым! І пасля я спецыяльна пашукала яго ў слоўніку - яно там было, прычым без паметкі "састарэлае".
Гэта смешна, але мне шкада такіх слоў. Так, есць працэс, калі з'яўляюцца новыя словы, а старыя застаюцца толькі ў кнігах. Але ў беларускай мове многія словы знікаюць яшчэ і з-за абмежаванай колькасці носьбітаў мовы. Часта беларускай мовай ў лепшым выпадку валодаюць на школьным факультатыўным узроўні, а значыць, слоўнкіавы запас у такіх гора-носьбітаў вельмі абмежаваны. І мова нядужае, слабее. Аднойчы. калі ў каторы раз яна "ўвойдзе ў моду", людзі проста не змогуьц успомніць родных слоў.

Чорт яго ўсё ў галаве дзяржаць будзет. За гэта ўрэмя мы окала мудрэйшых вяшчэй аціраліся.

Некалі казалі - гадавыя святы праўдзяць. Які ты ў гэты дзень будзеш, такім застанешся і на ўвесь год: благое што зробіш - благі, а добрае - добры будзеш без канца-краю. І от баркаўчане, каб ні благімі, ні добрымі не быць (бо ёсць прыказка: не будзь салодкі - а то праглынуць, не будзь горкі - а то праплююць), спяць кожнае гадавое свята з ранку да вечара цалюткі дзень.
















Другие издания
