Рецензия на книгу
Творы
Лукаш Калюга
Morra5 апреля 2014 г.Вёска, вёска і зноў вёска - вось твар беларускай літаратуры 1920-х. Натуральна, пісалі пра тое, што хвалявала, пра тыя месцы, адкуль былі родам, пра тых людей, якія жылі поруч. І я не скажу, што сёння гэта нецікава ці неактуальна (людзі заўжды аднолькавыя - і ў паласах, і на балоце), але тым не менш, першая рэакцыя менавіта такая - "ізноў вёска!".
Лукаш Калюга не адносіцца да шэрагу вядомых беларускіх класікаў, у школе яго не вывучаюць, у кнігарнях амаль не знайсці, але ён вельмі добра "ўпісаўся" ў мае ўяўленні аб беларускай літаратуры 1920-х - недзе поруч з Коласам, а хутчэй з Гарэцкім і нават Мележам, хоць гэта ўжо і пасляваенны час. Апавяданні Калюгі і асабліва аповесць "Нядоля Заблоцкіх" - гэта звычайная беларуская вёсачка, якая жыве сваімі ўнутраннымі турботамі і амаль адрэзана ад навакольнага свету. Суседняе мястэчка - гэта мяжа знаёмага. І нават героі, якія вырываюцца далей - глядзяць па старанах, але не бачаць нічога. Такі сваеасаблівы, крыху сярэднявечны светапогляд, які прымусова знішчыць ужо толькі савецкая ўлада з яе "палітычным інфармаваннем" і "Інтэрнацыяналам".
Калюга аднак - гэта не толькі вёска. Гэта яшчэ целы стос сваеасаблівых рыс, якія дазваляюць лічыць яго, нягледзячы на ўзрост, сталым і арыгінальным аўтарам. Што мне асабліва спадабалась - дык гэта гумар у звычайных паўсядзённых апісаннях, якім, на жаль, звычайна не адрозніваюцца беларускія аўтары, і нейкі флёр беларускай містыкі, занадта лёгкі для таго, каб гучна назваць гэта "магічным рэалізмам" (прывітанне Альгерду Бахарэвічу), але дастатковы, каб надаць апавяданню нейкі каларыт. Што не спадабалася і нават раздражняла - гэта мова. Звычайна добрая літаратурная беларуская мова нібыта цячэ струменьчыкам - словы гладка нанізваюцца адно за адным. У Калюгі мова нейкая... ірваная, калючая, за словы чапляешся, спыняешся. І справа нават не ў тым, што яны занадта арыгінальныя (сэнс звычайна ўсё роўна зразумелы з кантэкста), а ў самім рытме, гучанні тэкста. Я з ім не супала.
20187