Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.
Вайна перад усім светам пацвердзіла нашу магутнасць і многім раскрыла вочы на нашыя хібы. У сорак пятым мы не толькі здабылі перамогу. За чатыры гады вайны мы, як ніколі, згуртаваліся ў адно цэлае і ўбачылі, на што з немагчымага мы здольныя. Дух свабодалюбства і непадлегласці злу здабыў сабе ў той барацьбе магутныя крылы. Я веру, яны не апусцяцца.
("Мёртвым не баліць")