«Дарагі мой беспрытульны вандроўнік Андрэй! Кожную часіну думаю аб табе, малюся ветру, сонцу і хмарам, каб яны адганялі ад цябе напасці, якімі ўсеяны нашы дарогі. Сам жа я жыву, як вол на бровары: ёсць што есці і ёсць што піць. Маю сякія-такія заработкі. Коцяцца да мяне рублікі, а часамі траячкі і пяцёркі. Школа майго дзядзькі Сымона стаіць непадалёку ад Бярозы ў сяле Якшыцы. Слаўная гэта рэчка, хоць, можа, і не такая прыгожая, як наш Нёман. Каля берагоў трапляюцца цэлыя зараснікі розных лапухоў, вадзяной травы. А ў траве так і шворацца акуні, язі, голаватні. Шкада, што няма тут цябе: мы раздабылі б таптуху і налавілі б процьму рыбы. Я ж без цябе сам, як рыба, выкінутая на пясок,— ні чорту качарга ні богу свечка. Пішы мне, як і што з табою. Падмацуй маю душу крылатым словам. Свайму ж дзядзьку я не пара. Ён усё працуе, скардзіцца, сам сухі, нагадвае тарана, што нашы бацькі купляюць на Каляды для поснай верашчакі. Абнімаю цябе, цалую. Твой Янка».