Ён развітваўся са сваімі героямі, але ведаў, што нікуды яны ад яго не дзенуцца. Ён ужо адчуваў поўную сваю ўладу над імі. Пішучы, забаўляючыся, гуляючы сам з сабою ў шахматы, ён навучыўся ажыўляць людзей, мог па першым жаданні адпраўляць іх у нябыт і гэтак сама лёгка вяртаць назад. Гэта было так нова, цікава, незвычайна, захапляльна — улада творцы над сваімі героямі! Больш за тое — нешта падказвала яму, што гэта і ёсць адзіная ў свеце сапраўдная ўлада, хаця б таму, што яна самадастатковая, ёй нічога не пагражае: ні выбары, ні рэферэндумы, ні путчы з рэвалюцыямі, яе ніхто ніколі ні пры якіх абставінах не адбярэ, ды і прэтэндаваць на яе наўрад ці будзе.