І вось, яны брыдуць да гэтага дрэва і пішуць. Старанна, выбіраючы колер і інструмент, шматкроць паўтараючы ў думках фармулёўку, навастраючы яе. З'яўляецца сюды, напэўна, так, каб ніхто не ўбачыў і не падняў на смех за забабоны. І іх такіх - цэлая дарога, добра пратаптаная шырокая дарога ў полі. Яны пішуць, выразаюць, фарбуюць, а пасля - вяртаюцца на свае камунальныя кухні. На рыпучыя ложкі пад пашытымі бабулямі коўдрамі. У сцены, якія ўтвараюць карцары спальняў - сотняў маленькіх спальных пакойчыкаў, у кожным з якіх стлявае чыясьці надзея. Засынаючы, яны мараць. Пра хуткую машыну, якую не трэба будзе пастаянна рамантаваць; машыну, сабраную хітра і складана так, што яе немагчыма зразумець, акінуўшы рухальны адсек хуткім позіркам, як гэта здараецца з "Жыгулямі"; пра пабачаную ў сталіцы дзяўчыну, настолькі пекную, што чалавеку з Малмыгаў немагчыма з ёй хаця б проста загаварыць; пра жывых родных, якія памерлі; пра збавенне ад хваробы, з якой не можа даць рады мясцовая медыцына. І пакінуты на ствале запіс дае ім маленечкае акенца ў свет, дзе ўсё гэта магчыма. І таму, засынаючы, яны шчаслівыя.
Читать далее