Гэта кніга чарговае пацверджанне таго, што Сцівен Кінг не толькі кароль жахаў, а востры сацыяльны аўтар. У гэтым рамане ён падымае вельмі актуальную для нашага часу праблему жаночых праў, праблему гвалту ў сям'і. Галоўная гераіня рамана Розі збягае ад мужа-паліцэйскага, які яе часта б'е і аднойчы яна нават страціла праз гэта дзіця.
Лабірынт з'яўляецца ў рамане значна раней, чым пачынаецца гісторыя карціны, якая хаваецца ў шафе і можа стаць месцам, каб схаваць свае праблемы, але становіцца месцам іх вырашэння. Начытаўшыся Х.Борхеса, можна сказаць, што выбрацца з лабірынта можна, калі ўвесь час трымацца правага краю, але гэта для крыцкага, грэчаскага лабірынта, што не датычыцца егіпецкага. Гэта прыгадалася, калі Норман-паліцэйскі, шукаючы сваю жонку, разважае, што праўшы, калі збягаюць, рухацца будуць управа пры выбары дарогі, а ляўшы абяруць лева на ростанях. Ну, а ўжо пра тое, як дрэнныя паліцэйскія ўмеюць праўды выбіваць мы ведаем з амерыканскіх фільмаў...
Назва твора - гэта новае імя, якое Розі ўзяла, калі прыйшла хавацца ад мужа ў Дом міласэрнасці (Дом сясцёр). "Роза Марэна" - назва карціны, якую яна набыла ў лаўцы, закахаўшыся ў прадаўца. карціна была незвычайнай, бо ў ёй для Розі адкрываецца новае: то карціна містычна павялічваецца (не па памеры, а па змесце), то з'яўляюцца дэталі (незаўважаныя да таго). Роза Марэна - гэта колер, пунцова-чырвоны, менавіта такога колеру тога жанчыны на ўзгорку, што напісана на карціне.
С.Кінг уздымае востры сацыяльны канфлікт і ставіць яго настолькі "на краі", "на лязе", што можна параніцца, а маладым уражлівым дзяўчатам і апекчыся, адбіць ахвоту ўвогуле выходзіць замуж. Напэўна, не буду раіць ім чытаць гэтую кнігу, але яны ўсё роўна прачытаюць і назавуць твор жудасным! А твор такі яркі, з насычанай абмалёўкай і адкрытым, непрыхаваным за ружовымі акулярамі зместам, як і ўсе раманы С.Кінга. Кагосьці яны адштурхоўваюць, але сапраўднага чытача не могуць пакінуць абыякавым. Для жанчын, якія сутыкнуліся з такімі "адносінамі" ў сапраўдным жыцці, Розі можа стаць сапраўдным прыкладам. У канцы твора нават пачынаеш баяцца яе сілы, рашучасці. Яна, як звар'яцелая, бешаная ліса (але ў ажрозненні ад ліс не памірае), якая жыве са сваёй ліхасцю, а вось ці шчасліва даведаецеся, калі прачытаеце твор.
Прыемнага табе чытва, сапраўдны чытач!
P.S.: У кнізе ёсць фразы, якія паўтараюцца неаднаразова, як у "Цьмянай палове": "Вераб'і лятаюць зноў". У "Розе Марэне" такіх фраз некалькі:
Звяры будуць біцца.
Я адплачу.