Аднойчы Эрык назваў яе пры ўсіх "пласкагрудай", а Роб са смехам праціснуўся да яго і шапнуў нешта на вуха - ці то пагадзіўся, ці то прыдумаў іншую абразу, занадта брудную, каб прамовіць уголас. На пахаванні ў студзені ўсе казалі, якім цудоўным чалавекам быў Роб - жыццялюб, адданы сын і гэтак далей. Але яшчэ ён быў вельмі закамплексаваны, апантаны ўвагай да сябе і часам,адчаяўшыся, рабіўся жорсткім. Мерыян не першы раз думае, што жорсткасць раніць не толькі ахвяру, але і крыўдзіцеля - яго, магчыма, нават больш глыбока і незваротна. Калі цябе цкуюць, ты нічога асаблівага пра сябе не дазнаешся, а вось цкуючы іншага, дазнаешся пра сябе нешта, што ніколі не забудзеш