Мяне здзіўляе ваша веданне такіх рэчаў, Жыў, глядзеў, чытаў, адчуваў, Пры чым тут чытанне, Праз чытанне можна спазнаць амаль усё, Я таксама чытаю, Значыць, штосьці ведаеш, Цяпер я ўжо ў гэтым не так упэўненая, Тады табе трэба чытаць іншым манерам, Як, Адзін і той жа спосаб не ўсім падыходзіць, кожны чалавек вынаходзіць свой, той, які яму адпавядае, хтосьці ўсё жыццё чытае і ні разу не змог выйсці за рамкі чытання, прылепіцца да старонкі, не разумеючы, што словы гэта толькі камяні, пакладзеныя ўпоперак цячэння ракі, раз яны там, то для таго, каб мы змаглі перабрацца на другі бераг, другі бераг, вось што важна, Хіба што, Хіба што што, Хіба што яны, гэтыя рэкі, маюць не два берагі, а шмат, і кожны чалавек, які чытае, сам ёсць сваім уласным берагам, і бераг, да якога ён павінен дабрацца, мусіць належаць яму і толькі яму [...]