
Правінцыя, кветкі і ...комплексы
Пра цяжкае жыццё падлеткаў ў пасляваенныя часы пісаў ледзь не кожны другі беларускі пісьменнік. Але тут усё пададзена крыху па-іншаму, закрануты многія тэмы, якія звычайна абмінаюць Адась з маленства расце без бацькі, хоць той жыве на суседнім пасёлку, і ніколі не быў з ім знаёмы. Яго маці скончвае жыццё самагубствам, здаецца, без ніякіх прычын. Сам хлопец хворы на туберкулёз, часта лечыцца ў санаторыях. Усе гэтыя абставіны прымушаюць яго адчуваць у сабе нейкія заганы, і пройдзе шмат часу пакуль комплексы будуць пераадолены. Падлеткам ён марыць стаць славутым кінарэжысёрам або пісьменнікам, але жыццё прызямляе гэтыя мары. Адась становіцца журналістам, кніжку ўсё ж выпускае, але яна праходзіць незаўважна і ні славы, ні грошай не прыносіць. З часам ён разумее, што шчасце зусім у іншым — гэта яго жонка, сям”я і малая радзіма, куды ён, урэшце, вяртаецца жыць. Месца дзеяння твора вельмі каларытнае — Давыд-Гарадок, дзе большасць насельніцтва жыве за кошт вырошчвання кветак і продажу іх насення. За сезон патрэбна зарабіць грошы на ўвесь год,, бо іншых крыніц прыбытку няма. Савецкая ўлада, як можа, змагаецца з гэтым нелегальным заробкам. Мне расказвалі, што ў Давыд-Гарадку і зараз многія займаюцца кветкамі, якія ў гэтай мясцовасці называюць “краскі”. Аўтар чамусьці гэтую дэталь не адзначыў.




































