Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Сфагнум

Виктор Мартинович

  • Аватар пользователя
    Torvald513 ноября 2017 г.

    Раман Віктара Марціновіча цяжка жанрава акрэсліць. Назваць яго прыгодніцкім не выпадае. Тым больш не назавеш “Сфагнум” дэтэктывам, хоць раман і пачынаецца з забойства. Пры ўсёй дынамічнасці і закручанасці сюжэта, гэта ўсё ж кніга не пра прыгоды. І сацыяльна-бытавым твор не назавеш.

    Штосьці падобнае ўжо было ў беларускай літаратуры. Я маю на ўвазе раман Уладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы”, які пабачыў свет у 2011 годзе. Дарэчы “Сфагнум” Марціновіча стылістычна месцамі вельмі нагадвае “Тэорыю змовы” Ахроменкі. І нават не толькі стылістычна, але і нейкім духам, нейкай агульнай атмасферай - сацыяльнымі ракурсамі, успрыняццем і ацэнкаю сучаснай беларускай рэчаіснасці, сарказмам у адносінах да шараговых персанажаў.

    Абодва гэтыя раманы маюць двайное дно. Першае, што зверху – гэта аповед пра вострасюжэтныя, часам смешныя, часам фантастычныя прыгоды героеў. Другое дно – гэта развагі героеў пра жыццё, іх ацэнка розных падзеяў у краіне і свеце, гіпербалізацыя сацыяльных праблемаў, якія існуюць у сучасным беларускім грамадстве, – каб паказаць іх у поўнай “прыгажосці і велічы”. Прынамсі, асобныя месцы рамана Марціновіча прымушаюць паразважаць пра мінулую вайну, або пра прыроду ўлады ў Беларусі, калі рэгіянальныя князькі падпарадкоўваюцца толькі іншым князькам, і толькі тым, што стаяць вышэй у дзяржаўнай вертыкалі. І ніякі суд, і ніякая міліцыя гэтай уладзе не ўказ.

    Праўда, у сваім рамане Віктар Марціновіч часам зусім ужо адрываецца ад рэальнасці, і тады ў яго міліцыя можа наладзіць маскі-шоў у раённай газеце. А гэтага ў Беларусі проста не можа быць у прынцыпе, бо раёнка з’яўляецца структурнай адзінкай мясцовай улады і ніхто яе без дазволу райвыканкама пальцам не кране.

    Са станоўчага адзначым, што кніга чытаецца лёгка і з энтузіязмам, бо сюжэт захапляе, а гумар, з якім апавядаецца гісторыя, надае чытанню пачуццё прыемнага баўлення часу.

    Сам аўтар у адным з інтэрв'ю патлумачыў пра што яго кніга: «...гэты раман не варта ўспрымаць як тэкст „пра вёску“, пра „гопнікаў“ ці "пра прыроду“. У беларускім кантэксце «балота» і балота — розныя рэчы. Гэта кніга пра беларускі абсурд. Пра беларускую варажбу. Пра шуканне скарбаў там, дзе іх няма. Гэта казка з дрэннымі героямі і спрэчным канцом.»

    15
    1,2K