Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Праклён

Валеры Гапееў

  • Аватар пользователя
    Torvald513 октября 2017 г.

    У 2013 годзе беларуская літаратура ўзбагацілася адразу некалькімі добрымі раманамі. Раман Валерыя Гапеева самы аб’ёмны з іх - мае амаль 550 старонак. Не памятаю нічога падобнага ў беларускай літаратуры за апошнія 20 гадоў. Трэба прызнаць, што гэта тытанічная праца. Аўтар паведаміў, што выношваў ідэю рамана тры гады і затым напісаў твор за год. У гэтым прызнанні, асабліва пасля прачытання твора, няцяжка заўважыць, так бы мовіць, генеалогію рамана. Спачатку паўстала ідэя напісаць вялікі твор пра сучасныя праблемы беларусаў, перадусім у справе нацыятворчасці, а таксама пра маральныя хібы беларускага грамадства - а тут прамая сувязь, бо абыякавае стаўленне да роднай гісторыі, гістарычных сімвалаў, мовы – гэта хутчэй маральныя праблемы. Аўтар вырашыў паказаць гэтыя праблемы ў гістарычнай рэтраспектыве і сімвалічна – як спрадвечную барацьбу цёмных і светлых сілаў.

    Як ні дзіўна, найлепш атрымаліся ў аўтара старонкі рамана, дзе апісваюцца метафізічныя рэчы – ад развагаў і тэорыі, вынайдзенай студэнтам, галоўным героем Уладзімірам Жабруном, пра сапраўдную паэзію, да апісання містычных падзеяў і сакральных таямніцаў беларускага этнасу. Апісанне сучасных побытавых сцэнаў, дыялогі і развагі герояў пра жыццё і каханне атрымаліся досыць разбэрсанымі, трафарэтнымі і зацягнутымі. Некаторыя сюжэтныя лініі абрываюцца, што выклікае ў чытача пэўныя пытанні. Бо чытач сочыць за падзеямі, чытач хоча ведаць, што сталася з кожным з герояў кнігі.

    Паводле аўтара рамана, асноўная барацьба паміж светлымі і цёмнымі сіламі адбываецца ў Купальскую ноч. Тады зацвітае сакральным агнём адмысловая кветка – цёмныя сілы імкнуцца яе пагасіць, светлыя – абараняюць. А купальскія вогнішчы маюць на мэце заблытаць цёмныя сілы на шляху да кветкі. Вышэйшыя сілы абіраюць абаронцаў кветкі - усё новых і новых – у кожным пакаленні. Такім стаў і галоўны герой Уладзімір Жабрун. Але ёсць яшчэ ахоўнікі сакральных таяніцаў – малітваў і амулетаў. За такімі людзьмі палююць цёмныя сілы з мэтаю іх знішчыць. Такім чынам ідзе вечная барацьба, якая не спыняецца ні на хвіліну.

    Нельга таксама не адзначыць яшчэ дзве істотныя якасці кнігі – яе чытэльнасць, нават пры такім аб’ёме, і, як бы гэта не гучала архаічна, яе выхаваўчую ролю. Адольваючы гэтую кнігу, чытач мімаволі мусіць вызначыцца – а на якім баку ён. Магчыма нават пачынае аналізаваць свае жыццёвыя праблемы паводле ідэяў і сюжэту кнігі. Думаю, пераважная большасць прызнала б сябе прыхільнікам светлых сілаў, і магчыма, хоць на крышачку, стала б лепшай.

    10
    342