Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Горад мрой

Яніна Пінчук

  • Аватар пользователя
    Ambermuse12 февраля 2017 г.

    Мінск таксама можа быць чароўным!

    ...менавіта гэтую ідэю і хоча данесці да нас аўтарка - трэба сказаць, атрымалася паспяхова. Нават не пабаюся сказаць, што кніга Яніны Пінчук - гэта ўнёсак у так званы "тэкст горада": напісана пра Мінск вельмі шмат, але такое магічнае, рамантычнае бачанне мне асабіста сустракаецца ўпершыню. У нашай сталіцы багата абліччаў, багата інтэрпрэтацый з боку розных творцаў - але ж павінна было з'явіцца і нешта блізкае па духу "Казкам старой Вільні" Макса Фрая, такой кнігі не хапала - і вось урэшце яна пабачыла свет.
    Апавяданні тут розныя можна знайсці: і апавяданне-настрой, і апавяданне-сон, і апавяданне-мініяцюру, і апавяданне філасофскае... Але ўсе яны шчыльна знітаваны, здаецца, выкінь адно - і разбурыш канструкцыю. Таму мне асабіста "Горад мрой" успрымаецца як раман.
    Але не чакайце ад яго фэнтезійнага экшну. Калі вам больш важны захапляльны сюжэт, а не прыгажосць формы - то гэтая кніга можа вам і не падысці. Нельга сказаць, што сюжэты тут слабыя - яны часам нават вельмі цікавыя. Проста здаецца, што ўсё ж такі для Яніны Пінчук перавага аддаецца не Сюжэту, а Ідэі, вобразу. У гэтую кнігу трэба ўчытацца, адчуць аўтарскі рытм, стыль успрымання, злавіць хвалю, як кажуць - але тады можна адчуць сапраўднае задавальненне, бо напісана кніга вельмі добрай беларускай мовай: вобразнай, інтэлігентнай і маляўнічай.
    Я магу парэкамендаваць "Горад мрой" для ўсіх, хто гатовы бачыць цуды нават у звыклым і паўсядзённым, а таксама нават у складаныя часы знаходзіць радасці ў сваім жыцці.
    Калі падсумаваць вышэй сказанае: якасны, светлы і цёплы магічны рэалізм.

    5
    258