Рецензия на книгу
Запіскі Самсона Самасуя
Андрэй Мрый
Аноним13 апреля 2015 г.Сацыяльнае паходжанне... згодна тэорыі Дарвіна. (с)
Здаецца, у беларускай літаратуры рамантыкаў больш, чым сатырыкаў. Таму з апошнімі асабліва прыемна сутыкацца, нават калі гэта стары знаёмы сябра са школьнай праграмы.
"Запіскі Самсона Самасуя" ізноў упэўніваюць нас у тым, што дурань адукаваны (нават крыху) значна страшней за дурня звычайнага. Ён складана размаўляць умее, арыгінальнымі ідэямі фантануе, кніжкі разумныя чытае - проста скарбніца талентаў. А калі трэба паспрачацца ды давесці сваю лінію, дык наўпрост закідае гучнымі тэрмінамі. А ці ведае сам дурань іх значэнне - пытанне другое. Асабліва скаладана з адукаванымі дурнямі, калі яны яшчэ і займаюць адказныя пасады. І ўдвая складаней - на зломах эпох.
Самсон Самасуй як Карлсан - мужчына што трэба. Прыгожы метрасексуал, у росквіце сіл, упэўнены, дасведчаны, перспектыўны хоць ў кар'ерным, хоць у якім іншым кірунку. З колькасці "прычындалаў", дарэчы, кпіць аж родны бацька, але што ён, селянін, можа ведаць пра стыль! Тав. Самасуй прыязджае ў Шапялёўку, каб ушчыльную заняцца пытаннямі культуры і якіх толькі рэформ ён не зладзіць за сваю кароткую дзейнасць - кампанію за здаровы лад жыцця, якая спадабаецца моладзі (рэчка, сонейка, вяселле) і не спадабаецца бацькам (адсутнасць дапамогі ў гарачы час і вытаптанае жыта), справаздачы па прыватным справам (асабліва, што тычыцца прыгожых дзяўчат), экзатычныя спектаклі (з элементамі эротыкі), перайменаванне вуліц і бясконцыя нарады (гэта проста без каментарыяў, аж дагэтуль модны занятак), працэсы супроць "шкодных элементаў" (нават, калі ты іх лічыш сваімі сябрамі), сценгазету з кароткай, яскравай назвай "Пераможны кліч Шапялёўскага райвыканкама". А якімі метадамі карыстаецца наш герой! Занатоўвайце: прапанову трэба ўносіць пасля некалькіх часоў палемікі, калі спрэчнікі ўжо замораныя і згодныя на ўсё. Дарэчы, на новыя крэатывы Самасуя штурхае не толькі жаданне зрабіць кар'еру, але і апантанасць прыгажуняй Крэйнай. Так, ёсць у нашым героі нешта чалавечае. А з другога боку... усё вышэй пералічанае ўласціва чалавеку. На жаль.
Смех і смутак выклікае не толькі асоба Самасуя, але і наваколле - сляпая вера ў савецкую ўладу, адсутнасць альтэрнатыў, пераўтварэнне чалавека ў бяздушную шрубку сістэмы, усеагульная неадукаванасць і блытаніна ў думках. Вось вам вытрымка з анкеты працаўніка:
5. Сацыяльнае паходжанне... згодна тэорыі Дарвіна.- Асвета... электрычнасці няма, выключна газай.
- Маёмасць... жонка, трое дзяцей.
Наперад, у светлую будучыню, таварышчы...Увогуле, патрэбна вялікая смеласць (ці дурасць?), каб напісаць такую кнігу напрыканцы 1920-х, калі подых навальніцы ўжо ахапіў краіну. І асобна адзначу вельмі цікавы кантраст паміж раманам і апавяданнямі пачатку 1920-х - расчараванне спадара Мрыя ў савецкай сістэме цяжка не заўважыць. На жаль, "дзе трэба" таксама заўважылі. Спачатку з друку забралі раман, потым з грамадства - аўтара.
28449