Отзывы о книге Гасцініца "Бельгія"

  • Аватар пользователя
    YanZahmyaleuski
    23 ноября 2019

    Гасцініца "Бельгія"

    З даўніх часоў мяне цікавіла, чаму многія аўтары, калі пачынаюць пісаць кнігі пра сапраўдныя дакументальныя падзеі, пра знакамітых і не вельмі знакамітых, але рэальных людзей, ператвараюць свае творы ў мастацкія. Чаму ў іх не атрымліваецца застацца ў плыні літаратуры нон-фікшн? І, здаецца, твор Ганны Севярынец (Anna Severinets) “Гасцініца “Бельгія”” калі не адказаў на маё пытанне, дык зрабіў нейкі намёк.

    Сапраўды, кніга распавядае аб тым, што называюць “беларускай Атлантыдай”, аб тым культурным і мастацкім пласце нацыянальнага жыцця, які цаклам згінуў, або трапіў у нябыт. Але як падкова даруе шанцаванне нават таму, хто ў яе не верыць, дык і мінулае ўздзейнічае на сучаснасць незалежна ад таго, асэнсоўваем мы гэта ці не.

    Пачуцці, якія ў мяне выклікае не толькі гэта кніга, але і іншыя творы пані Ганны, гэта пачуцці Энея праз год пасля падзення Троі. Яшчэ адчуваеш смурод спаленага горада, яшчэ перад вачыма твары загінулых сяброў, але ўжо гэта ўсё сыходзіць у нябыт, бо жыццё працягваецца, і неабходна рушыць наперад, у новыя рэчаіснасці.

    Пані Ганна, на маю думку, напісала свой твор недзе на мяжы геніяльнасці. І здолела распавесці пра такую жудасную тэму, бо страты заўсёды жудасныя для культуры, з павагай і любоўю да сваіх герояў і, галоўнае, да чытача. Я не здзіўлюся, калі праз пэўны, і мабыць вельмі кароткі, час гэты твор апынецца ў спісе класічных твораў беларускага свету і будзе знаходзіцца на той паліцы, якую будзе вырашана выратаваць і захаваць любым коштам.

    Безумоўна я раю ўсім чытачам, якія прыслухоўваюцца да майго меркавання набыць кнігу “Гасцініца “Бельгія””, а галоўнае ўдумліва прачытаць, бо асэнсаванне свайго месца ў гэтым свеце можа быць ажыццёўлена толькі праз душэўныя пакуты.

    like8 понравилось
    949

Комментарии 0

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.

Комментариев пока нет

Комментариев пока нет,
ваш может стать первым