Рецензия на книгу
Libido
Ільля Сін
Torvald53 февраля 2019 г.Як ёсць псіхадэлічная рок-музыка, так і ёсць псіхадэлічныя літаратурныя творы. Не абавязкова гэта какафонія і трэш. Як раз у кнізе Іллі Сіна “Libido” гучнага пcіхадэлічнага аповеду няма. Усё на паўтонах, як праз туман. Марыя, галоўная гераіня твора, нібыта глядзіць кіно пра саму сябе. Таму ўсе персанажы, якія трапляюцца на яе шляху, як быццам тэатральныя дэкарацыі, або партнёры на здымачнай пляцоўцы. Нікога сур’ёзна яна не ўспрымае, нікога не цэніць і не любіць. Чакае Іншага, якога вымысліла сабе. Але нават і гэты Іншы, які з'явіўся так нечакана, нібыта яго тэрмінова выклікаў рэжысёр, не ўразіў Марыю, і ў яе не з’явілася жаданне выратаваць яму жыццё, бо Іншы прыехаў або да Марыі, або на вайну. І толькі Марыя магла яго вызваліць ад вайны і смерці. Не вызваліла.
Марыя жыве ў звычайным постсавецкім горадзе, з яго звычайнымі жылымі дамамі-блізнятамі, якія так падобныя ў спальных раёнах ад Камчаткі да Брэста. На горад хвалямі накатваецца вайна. Спачатку толькі з паветра - абстрэламі з верталётаў і налётамі бамбавікоў. А неўзабаве кулі ўжо лётаюць паўсюдна і за баямі можна назіраць з уласнага вакна. Праўда, вайна абсалютна не хвалюе Марыю, яна не ведае, хто з кім ваюе, і яе гэта ўвогуле не абыходзіць. Нейкім дзіўным чынам кулі абмінаюць жанчыну, нібыта разумеючы, што гэтае нешта не трапляе ў зямны рацыянальны расклад. Марыя жыве ў жыццёвай прастрацыі, згубіўшыся паміж яваю і трызненнем. Гэтую прастрацыю можна назваць глыбокім сумам жыцця.
У анатацыі да кнігі напісана, што “Libido” - гэта першая кніга Іллі Сіна, якая мае героя і сюжэт. Наконт героя не паспрачаешся, Марыя і ёсць тот герой, пра якога згадваецца ў анатацыі. Але вось з сюжэтам складаней. У прынцыпе, на працягу кнігі амаль нічога істотнага не адбываецца. Гераіня ходзіць па вуліцах, займаецца сэксам з сужыцелямі, марыць пра Іншага, чакае, што вось-вось нешта адбудзецца. Але так нічога і не адбываецца. Бо вайна Марыю не датычыць абсалютна.
Твор уражвае перадусім сваім псіхалагізмам. Аўтар дзіўным чынам пранікае ў патаемнае сваёй гераіні і дзеліцца гэтым з чытачом, прычым апісвае яе бессэнсоўныя будні да самым дробных падрабязнасцяў, што адчуваеш гук яе крокаў, пахі смецця каля ракі, або ўсю жудасную фанаграму збіцця Іншым згаладнелага, ледзь жывога сабакі.
Заканчваецца кніга тэкстам адмысловай малітвы Марыі.
Божа, будзь з тымі, хто шукае і не знаходзіць. Амін.
11288