Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Прэм'ера

Андрусь Горват

  • Аватар пользователя
    xbohx5 января 2019 г.

    Пра Горвата ўжо страшнавата нешта пісаць, як і ў выпадку з Марціновічам. Толькі Віця сам адказвае крыўдзіцелям сваёй творчасці ў сац.сетках, а за Андрусіка Іванавіча гэта робяць прыхільнікі яго творчасці.
    Адразу скажу, што я з тых людзей, якім першая кніга Горвата вееельмі спадабалася. З захапленнем пагрузілася ў жыццё Прудка, назірала за яго жыхарамі, за жыццём ўласна Горвата, ката, казы. Гэта быў цікавы тэкст, які выклікаў увагу да свайго аўтара, бо было дасціпна і смешна. Побытавыя замалёўкі перамяшаліся з разважаннямі і трапнымі жыццёвымі афарызмамі. Такі быў стыль Горвата, які многім прыйшоўся даспадобы (напрыклад, мне). Таму мы з надзеяй узяліся за другую кнігу.
    Сказаць, што я расчараваная "Прэм'ерай", гэта не сказаць нічога. Так, я не думала, што эфект ад новай кнігі будзе такі ж, як і ад папярэдняй, але прынамсі чакала нешта такое ж цёплае і светлае. Але атрымалася, што Андрусь Горват знік, а месца яму саступіў Андрэй Горват. Прудок вось толькі нікуды не знік, а перабраўся не сцэну Купалаўскага тэатра. І вялікую частку гэтай кнігі Горват ные (у прамым сэнсе) наконт гэтай пастаноўкі.
    Кніга закальцаваная тэмай спектакля паводле першай кнігі: пачынаецца твор рэпетыцыяй, а заканчваецца прэм'ерай. А ўвесь астатні час Горват ператвараецца ў безаблічнага "аўтара" і спрабуе знайсці сябе/героя. Прудок выйшаў на вялікую сцэну, але Горват пакуль не выйшаў з Прудка, бо на фоне ўсяго астатняга выглядае дробным.
    Я не ведаю, для чаго было патрэбнае выданне гэтай кнігі, бо па сутнасці ў ім няма нічога асаблівага (акрамя невялікіх уставак з творчай кухняй Купалаўскага тэатра, пра якую ўвогуле было б цікава пачытаць асобную кнігу). Ці можа гэта мне складана зразумець душэўныя трывогі аўтара, бо я ў кнізе ўбачыла толькі рэфлексіі наконт папярэдняга твора і ранейшага жыцця, накшталт "раней трава была больш зялёнай". Той выпадак, калі дакладна не абмінуць параўнанняў з папярэднім творам, і тут Горват прайграў сам сабе.
    Затое афармленне кнігі прыгожае, вельмі спадабаліся ілюстрацыі.

    20
    1,2K