Цяпер, калі ў мяне абвастрылася ўвага, я без цяжкасці пачаў прыкмячаць сваіх ворагаў. Спачатку — сярод таварышаў па службе, пасля — сярод свецкіх знаёмых. Некаторым я калісьці зрабіў паслугу, другім мусіў бы зрабіць, але не зрабіў. Але ва ўсім гэтым, увогуле, не было нічога незвычайнага, і маё адкрыццё не вельмі мяне засмуціла. Больш балюча і цяжка мне было дапусціць, што ў мяне ёсць ворагі сярод тых, каго я амаль не ведаў ці не ведаў наогул. Раней, са сваёю звычайнай наіўнасцю, у якой вы маглі ўжо пераканацца, я меркаваў, што варта чалавеку пазнаёміцца са мною бліжэй і ён адразу мяне палюбіць. Але ж не! Больш за ўсё ворагаў я сустракаў якраз сярод тых, хто ведаў мяне толькі па чутках і пра каго сам я нават не чуў. Безумоўна, яны падазравалі, што я жыву поўным жыццём, лунаю ў воблаках шчасця, — а такое не даруецца ніколі. Удачлівы выгляд, асабліва калі ў ім праглядвае саманадзейнасць, здольны раз'юшыць нават асла.