Гэта сялянкі, або наогул жанчыны ніжэйшых слаёў грамадства дбаюць пра ўпрыгожанне толькі цела і таму свае ўборы складаюць з сукенак, чапцоў і іншых прадметаў матэрыяльнай прыроды. Жанчыны з вышэйшага свету, інтэлігентныя, створаныя квітнець у адпаведным антуражы, з самага дзяцінства і на працягу ўсяго жыцця ствараюць сабе туалет, так бы мовіць, духоўны. У ім, калі ўявім сабе яго часткі праз сімвалы, веданне літаратуры і мастацтва будзе, напрыклад, сукенкай, уменне размаўляць на розных мовах - стужкамі і фальбонамі, ігра на фартэпіяна, спевы, маляванне і г.д. - менш і больш каштоўнымі ўпрыгожваннямі. Ад гэтага, духоўнага, туалета шматкроць болей, чым ад таго, фізічнага, залежыць становішча жанчыны ў грамадстве.