Белорусская фантастика - на беларускай мове
Groden
- 111 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Няма нічога добрага, калі аўтар пачынае ў адносна маладым узросце бранзавець, а сябры-прыхільнікі робяць з яго ікону. Цяпер пра Альгерда Бахарэвіча ў сеціве як пра нябожчыка: альбо толькі добрае, альбо нічога. Чым яшчэ можна патлумачыць адсутнасць водгукаў і на гэтую кнігу, і на “Ператрус у музэі”?
Я не змагла вызначыцца, для якога ўзросту кніга “Тэатр шчаслівых дзяцей”. Кажуць – для дзяцей, нават уключылі ў спіс прэміі Цёткі. Сын, падлетак, пачаў чытаць, кінуў: “Тут зусім пра маленькіх”. Тады пачытала я.
Сапраўды, сустракаем дзяцей, з размоў і паводзін якіх разумеем хутка – ім па 8-10 гадоў. А потым – яны падлеткі. А далей – дарослыя.
Але і гэта б было дробяззю, каб не была кніга напісана гэтак… неахайна. Тут і раяль у кустах, і бог з машыны, і прыкрыя кіношныя моманты. Гасне святло ў кватэры, дзеці ў цемры, шукаюць запалкі і свечкі – і от яны, ляжаць у шкапіку. І пры гэтым ніхто не здагадваецца уключыць ліхтарык у тэлефоне! Прыкра? Канешне… І тэлефоны далей пачынаюць імкліва разраджацца. Дзеці ў небяспецы – ды ніхто не тэлефануе бацькам, не выклікае міліцыю… Згубіўся адзін у тумане – двое іншых ідуць у розныя бакі па адным (ну, як героі ў дзяшовых трылерах, каб бандыт які расправіўся з кожным паасобку ці каб усім згубіцца).
Не ведаю ложкаў такіх, пад які залезе здаровы мужчына. (Тут увогуле нейкі нонсэнс з гэтым Кабінетавічам, канцоўка настолькі цьмяная, заблытаная, што ўзнікае стойкае перакананне: аўтару так надакучыў гэты тэкст, што ён марыў аб адным – абы толькі яго закончыць).
Героі не дзейнічаюць – аўтар іх тузае і шморгае за нітачкі, каб яны рабілі нешта там па сюжэце, каб склалася карцінка, каб дагадзіць аўтару. Дзіва дзіўнае – як можна выпусціць з рук запаленую свечку і не заўважыць гэтага? Дым у кватэры – і дзеці скачуць праз акно, нават не спрабуючы глянуць – і гэта пры іх цікавасці, - што там гарыць, не згадваюць пра пажарную службу. Яны кідаюць з акна коўдры, падушкі…
Канешне, апалагеты аўтара накінуцца на мяне, маўляў, аўтар стварае атмасферу, гэта псіхадэлічная карціна, гэта асаблівасць пабудовы тэксту… Згодная, хай будзе так. Але , калі тут псіхадэліка, дык прычым тут дзеці?
Чытала далей, а мне лезлі ў галаву асацыяцыі і прачытаная кнігі.
Вось вам Кінг і ягоная знакамітая “Імгла”…
А вось Караткевіч і гаспадыня Балотных Ялін у самоце, якую імкнуцца звесці са свету… (дарэчы, якая роля гэтага героя?).
А вос хлопчык так любіць салодкае – Клайв Льюіс і любімыя мной і сынам “Хронікі Нарніі”.
Вось суддзя – і Льюіс Кэрал і ягоная Чырвенная Каралева…
Сам сюжэт – прыгоды дзеля прыгод. Знойдзеная карта, якая нічога не дае, крумкач, які памірае без сэнсу, раптам. Недарэчны і пусты (бо далей нікуды не вядзе) пераказ рамана Дзюма… Прыдуманы свет – прымітыўны ў сваёй прыдумцы, тэатр – за мяжой прымітыву, нават трошкі брыдка чытаць.
Асобна “падавілася” нечаканымі “галоўнымі трыма словамі”. Было, закралася надзея: вось зараз будзе нейкая цікавая інтэлектуальная задачка, разгадаем разам з героямі, падзівімся з дасціпнасці аўтара і розуму ягоных герояў. Не, дарэмная надзея, ніякіх пошукаў. Проста так: раз – і ёсць адгадка.
Доўга думала: чаму раптам у тройцы “галоўных” слоў трапілі пяшчота і талент? Ну, свабода – так, зразумела. Але пяшчота? Што за гэтым словам – маці цыцкай корміць немаўля, ці сэкс з каханай жанчынай? Хутчэй, згадзіцеся, – другое, бо ж тут далей і “талент”, а гэта сам аўтар. Дык такі сакрэт агульнага шчасця: “свабодныя мы: мая жонка і я, найталенавіцейшы з аўтараў”?
Апошняя няўдаліца – назва кнігі. Гэты дзіцячы тэатр – адзіны, літаральна, эпізод прыканцы, да яго яшчэ ці кожны здолее прабіцца праз туман фантазій аўтара. І калі назва павінна рабіць тое, што павінна – канцэнтраваць у сабе галоўную ідэю і думку кнігі, то тут больш няўдалай назвы і нельга было прыдумаць.
Тое, што Альгерд Бахарэвіч – адзін з лепшых беларускіх аўтараў сучаснасці, сумненняў няма. Але гэта не значыць, што ўсё напісанае ім – найвыдатнае. На жаль, прыгоды ў аўтара атрымаліся… такія сабе. Дзіцячых прыгод няма зусім. А паказушны, знарочысты фемінізм выклікае аскому.

«Адвядзіце іх на эшафот!» – стомлена сказала судзьдзя.
«Пачакайце! – крыкнуў я. – Які эшафот? Вы ж толькі што асудзілі нас на пятнаццаць гадоў!»
«Запішыце, – сказала судзьдзя, нібы побач сядзеў сакратар. – Абвінавачаныя з прысудам у пятнаццаць гадоў згодныя. Больш за тое, горача ўзрадаваліся такому мяккаму пакараньню».

Усе ведаюць, што пісьменьнікі, і ў старыя часы, і цяпер, спэцыяльна ўстаўляюць у свае кнігі старонкі пра каханьне. Ці, напрыклад, пра прыроду. Бо інакш ніхто не паверыць, што яны пісьменьнікі. Я ніколі не разумеў, чаму так атрымалася. Напэўна, гэта проста традыцыя. Ёсьць такое слова. Настаўнікі заўсёды кажуць: традыцыя, калі ня могуць штосьці нармальна растлумачыць…







