Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Тэатр шчасьлівых дзяцей

Альгерд Бахарэвіч

  • Аватар пользователя
    yurchetom31 января 2024 г.

    Няўдаліца…

    Няма нічога добрага, калі аўтар пачынае ў адносна маладым узросце бранзавець, а сябры-прыхільнікі робяць з яго ікону. Цяпер пра Альгерда Бахарэвіча ў сеціве як пра нябожчыка: альбо толькі добрае, альбо нічога. Чым яшчэ можна патлумачыць адсутнасць водгукаў і на гэтую кнігу, і на “Ператрус у музэі”?

    Я не змагла вызначыцца, для якога ўзросту кніга “Тэатр шчаслівых дзяцей”. Кажуць – для дзяцей, нават уключылі ў спіс прэміі Цёткі. Сын, падлетак, пачаў чытаць, кінуў: “Тут зусім пра маленькіх”. Тады пачытала я.
    Сапраўды, сустракаем дзяцей, з размоў і паводзін якіх разумеем хутка – ім па 8-10 гадоў. А потым – яны падлеткі. А далей – дарослыя.

    Але і гэта б было дробяззю, каб не была кніга напісана гэтак… неахайна. Тут і раяль у кустах, і бог з машыны, і прыкрыя кіношныя моманты. Гасне святло ў кватэры, дзеці ў цемры, шукаюць запалкі і свечкі – і от яны, ляжаць у шкапіку. І пры гэтым ніхто не здагадваецца уключыць ліхтарык у тэлефоне! Прыкра? Канешне… І тэлефоны далей пачынаюць імкліва разраджацца. Дзеці ў небяспецы – ды ніхто не тэлефануе бацькам, не выклікае міліцыю… Згубіўся адзін у тумане – двое іншых ідуць у розныя бакі па адным (ну, як героі ў дзяшовых трылерах, каб бандыт які расправіўся з кожным паасобку ці каб усім згубіцца).

    Не ведаю ложкаў такіх, пад які залезе здаровы мужчына. (Тут увогуле нейкі нонсэнс з гэтым Кабінетавічам, канцоўка настолькі цьмяная, заблытаная, што ўзнікае стойкае перакананне: аўтару так надакучыў гэты тэкст, што ён марыў аб адным – абы толькі яго закончыць).

    Героі не дзейнічаюць – аўтар іх тузае і шморгае за нітачкі, каб яны рабілі нешта там па сюжэце, каб склалася карцінка, каб дагадзіць аўтару. Дзіва дзіўнае – як можна выпусціць з рук запаленую свечку і не заўважыць гэтага? Дым у кватэры – і дзеці скачуць праз акно, нават не спрабуючы глянуць – і гэта пры іх цікавасці, - што там гарыць, не згадваюць пра пажарную службу. Яны кідаюць з акна коўдры, падушкі…

    Канешне, апалагеты аўтара накінуцца на мяне, маўляў, аўтар стварае атмасферу, гэта псіхадэлічная карціна, гэта асаблівасць пабудовы тэксту… Згодная, хай будзе так. Але , калі тут псіхадэліка, дык прычым тут дзеці?
    Чытала далей, а мне лезлі ў галаву асацыяцыі і прачытаная кнігі.

    Вось вам Кінг і ягоная знакамітая “Імгла”…
    А вось Караткевіч і гаспадыня Балотных Ялін у самоце, якую імкнуцца звесці са свету… (дарэчы, якая роля гэтага героя?).
    А вос хлопчык так любіць салодкае – Клайв Льюіс і любімыя мной і сынам “Хронікі Нарніі”.
    Вось суддзя – і Льюіс Кэрал і ягоная Чырвенная Каралева…

    Сам сюжэт – прыгоды дзеля прыгод. Знойдзеная карта, якая нічога не дае, крумкач, які памірае без сэнсу, раптам. Недарэчны і пусты (бо далей нікуды не вядзе) пераказ рамана Дзюма… Прыдуманы свет – прымітыўны ў сваёй прыдумцы, тэатр – за мяжой прымітыву, нават трошкі брыдка чытаць.

    Асобна “падавілася” нечаканымі “галоўнымі трыма словамі”. Было, закралася надзея: вось зараз будзе нейкая цікавая інтэлектуальная задачка, разгадаем разам з героямі, падзівімся з дасціпнасці аўтара і розуму ягоных герояў. Не, дарэмная надзея, ніякіх пошукаў. Проста так: раз – і ёсць адгадка.

    Доўга думала: чаму раптам у тройцы “галоўных” слоў трапілі пяшчота і талент? Ну, свабода – так, зразумела. Але пяшчота? Што за гэтым словам – маці цыцкай корміць немаўля, ці сэкс з каханай жанчынай? Хутчэй, згадзіцеся, – другое, бо ж тут далей і “талент”, а гэта сам аўтар. Дык такі сакрэт агульнага шчасця: “свабодныя мы: мая жонка і я, найталенавіцейшы з аўтараў”?

    Апошняя няўдаліца – назва кнігі. Гэты дзіцячы тэатр – адзіны, літаральна, эпізод прыканцы, да яго яшчэ ці кожны здолее прабіцца праз туман фантазій аўтара. І калі назва павінна рабіць тое, што павінна – канцэнтраваць у сабе галоўную ідэю і думку кнігі, то тут больш няўдалай назвы і нельга было прыдумаць.

    Тое, што Альгерд Бахарэвіч – адзін з лепшых беларускіх аўтараў сучаснасці, сумненняў няма. Але гэта не значыць, што ўсё напісанае ім – найвыдатнае. На жаль, прыгоды ў аўтара атрымаліся… такія сабе. Дзіцячых прыгод няма зусім. А паказушны, знарочысты фемінізм выклікае аскому.

    3
    143