
Нямецкая пісьменніца Герта Мюлер нарадзілася ў нямецкамоўнай вёсцы на паўднёвым захадзе Румыніі ў 1953 годзе. Нямецкая была для Мюлер роднай, а вось румынскую давялося вучыць пазней, калі яна вучылася ў гімназіі.
У 1979 годзе за адмову супрацоўнічаць з румынскімі спецслужбамі (Секурытатэ) Мюлер звольнілі з машынабудаўнічага завода, дзе яна працавала перакладчыцай. На той час Румыніяй кіраваў сумна вядомы Чаўшэску, і Мюлер была ўдзельніцай Aktionsgruppe Banat, групы нямецкамоўных пісьменнікаў Румыніі. Яны выступалі за свабоду слова, супраць цэнзуры ўраду Чаўшэску. У 1987 годзе Мюлер разам з мужам пераехала ў Заходні Берлін, дзе жыве і цяпер. Ну а 2009 год быў самым значным у яе пісьменніцкай кар’еры: Мюлер стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі.
Сёлета Герта Мюлер была ўпершыню перакладзена на беларускую мову: у выдавецтве “Янушкевіч” у нобелеўскай серыі “Noblesse Oblige” выйшаў яе раман “Сёння я не хацела б з сабой сустракацца” (пераклад - Вольга Гронская).
Я не знаёмая з іншымі творамі аўтаркі, але мне здаецца - выбар гэтага рамана для сённяшняй Беларусі быў найбольш трапным. І для беларусаў сёння гэтая кніга - як незагойная рана.
Мяне выклікаюць. На дзесяць нуль-нуль у чацвер.
Такімі словамі пачынаецца твор, галоўная гераіня якога - супрацоўніца фабрыкі. Ёй даводзіцца хадзіць на допыты, прычым дзень і час яна ніколі не ведае загадзя. І чытачоў чакае пакутлівая вандроўка ў трамваі з кропкі А ў кропку В. Толькі роспач, напружанне - а далей самі складзіце лагічны ланцужок пачуццяў, якія можна прыкласці да рэжыму Чаўшэску, у якім жыве гераіня рамана.
Чаму ж на яе звярнулі ўвагу спецслужбы? Справа ў тым, што жанчына, працуючы на фабрыцы швачкай, засунула ў дзесяць задніх кішэняў касцюмаў, якія яны шылі, паперкі з тэкстам Ti aspetto (“Чакаю цябе), сваім іменем і адрасам. У чаканні, што нейкі італьянец (касцюмы акурат ішлі ў Італію на экспарт) адгукнецца на прапанову і забярэ жанчыну.
Сюжэта як такога ў кнізе няма, усё абмяжоўваецца паездкай у трамваі на допыт, але ў гэты час наша безназоўная апавядальніца яшчэ і вандруе ў глыбінях сваёй падсвядомасці і сваіх успамінаў, дастаючы адтуль патрэбнае, каб паказаць чытачам. Эпізоды, гісторыі, асобы - усё гэта знаходзіць адлюстраванне ва ўспамінах жанчыны.
Плынь свядомасці, не пазначаныя пунктуацыйна дыялогі, своеасаблівы стыль. Чыталася няпроста, даводзілася прадзірацца праз гушчар слоў, якія непрыветліва ашчэрвалі свае голыя галіны, якія даўно згубілі лісце. Гэта кніга, якая дакладна не падорыць вам светлыя гадзіны, а стане выпрабаваннем.









































