А раптам
DecatoOvertired
- 22 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Імя Карласа Шэрмана дакладна не новае для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай. У гонар яго ў Беларусі нават названая прэмія для перакладчыкаў. І хоць гэты чалавек нарадзіўся ў іншым паўшар’і, але шмат зрабіў і для нашай культуры. У 1956 годзе Шэрман упершыню трапіў у Беларусь і правёў тут амаль паўстагоддзя. Гэтая кніга ўспамінаў — своеасаблівае падсумаванне яго літаратурнай і праваабарончай дзейнасці.
Іншае паўшар’е — гэта Лацінская Амерыка, Уругвай, Мантэвідэа. Менавіта там, у гэтых далёкіх і экзатычных мясцінах, у 1934 годзе ў сям’і заходнебеларускага эмігранта-яўрэя і нарадзіўся Карлас Шэрман. Чым ён толькі ні займаўся: адвучыўся на філалагічным аддзяленні Нацыянальнага інстытута імя М. Марэна ў Буэнас-Айрэсе, разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь, дзе спачатку працаваў на запалкавай фабрыцы, а потым узяў і вывучыў беларускую мову, працаваў у Фундаментальнай бібліятэцы імя Якуба Коласа.
Менавіта вывучэнне нашай мовы зрабіла Шэрмана своеасаблівым мастком паміж беларускай і лацінаамерыканскай культурамі. Дзякуючы яму мы чытаем па-беларуску Маркеса і выбітных паэтаў Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. Працуе гэта і ў адваротны бок: Шэрман даў магчымасць іспанамоўным чытачам знаёміцца з нашымі аўтарамі, пераклаўшы творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і іншых беларускіх аўтараў.
Гэтую кнігу да друку падрыхтаваў Беларускі ПЭН-цэнтр, і менавіта з гэтай арганізацыяй Шэрман быў шчыльна звязаны на працягу 12 гадоў: ён быў адным з заснавальнікаў, а ў 1989-2001 гадах яшчэ і віцэ-прэзідэнтам беларускага ПЭНа. Пакінуў пасаду толькі праз пагаршэнне стану здароўя. Апошнія гады жыцця лячыўся ў Нарвегіі, дзе і памёр у сакавіку 2005 года. Гэтыя мемуары пісаліся ў 2001-2004 гадах у Мінску і Крысціянсандзе. Мабыць, яно і да лепшага, што Шэрман не заспеў усё тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, у прыватнасці сітуацыю са спробай ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра.
Складаецца кніга з гісторый пра міжнародныя камандзіроўкі Шэрмана па літаратурных і праваабарончых справах, пра літаратараў, з якімі ён сябраваў, і пра іх становішча ў беларускай дзяржаве. Значнае месца ў кнізе адведзена разважанням Шэрмана пра палітычны рух канца мінулага стагоддзя, ролю паэта на зямлі і многія іншыя рэчы.
Беларусь стала для Шэрмана не проста месцам працы, а сапраўдным домам. Хаця, мяркую, ён і сам адчуваў пэўную не самую прыемную еднасць месца яго нараджэння з Беларуссю. Піша пра літаратуру Лацінскай Амерыкі, а чытаеш нібыта пра Беларусь:
А некаторыя з яго разважанняў набылі цяпер у Беларусі новы сэнс і пры чытанні становяцца сапраўднымі трыгерамі:
Адзін з важных герояў гэтай кнігі, чыё імя ў ёй сустракаецца вельмі часта, — Васіль Быкаў. Яны з Шэрманам сябравалі, таму той паспрабаваў паказаць нам іншага Васіля:
Кніга «Блуканец» дазваляе нам зазірнуць на творчую кухню таленавітага пісьменніка і перакладчыка, які нарадзіўся так далёка ад Беларусі, але арганічна ўпісаўся ў нашу культуру і стаў яе неад’емнай часткай.

Наагул грамадзтва намалявала сабе вобраз крыху жорсткага, нелюдзімага, сквапнага на словы, заўсёды спахмурнелага Быкава. Насамрэч Васіль быў пяшчотным, вясёлым чалавекам, выдатным імгненным карыкатурыстам, адданым сябрам, заўсёды гатовым камусьці дапамагчы, нават ня маючы чым, і гэтым, дарэчы, пасьпяхова карысталіся. Ён не любіў публічнасьці сваёй асобы, часьцей нагадваў пра тое, што сам лічыць сябе прыватнай пэрсонай, аднак, калі гэта было патрэбна, ён выказваўся мужна і вельмі дакладна, бо праўда была стрыжнем характару, маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця.

Прэзумпцыя даверу ніколі ня страчваецца цалкам. Там, дзе пануе дыктат, яна скарачаецца, нібыта шчыгрынавая скура, і толькі рэпрэсіўныя інстытуты надзяляюцца ёю часткова — як узнагарода за жорсткую ляяльнасьць. Міліцыянт, зьбіўшы грамадзяніна, мае права выступаць у судзе сьведкам — вядома, ня супраць сябе, — і суд мусіць даць веры яму, бо толькі на яго паўсюджваецца прэзумпцыя даверу. Гэты прыкры парадокс адлюстроўвае становішча з правамі асобы ў Беларусі. Зразумела, славутая прэзумпцыя даверу толькі праваахоўнікам узьнікла нібыта ў так званай барацьбе з карупцыяй і злачыннасьцю, але ўжо тады шмат хто ўцяміў, што гэта перадусім сродак нячыстай палітычнай вайны супраць посттаталітарных палітыкаў-рэфарматараў і іхных прыхільнікаў, якія заміналі і дасюль замінаюць рэсаветызацыі Беларусі і ўзнаўленьню абсалютнай каманднай сыстэмы, якою кіруюць зь ня меншымі правамі, чым меў былы ЦК.

Сумна, калі высокія асобы забываюцца на тое, што ў гісторыі чалавецтва не было такога жорсткага ладу кіравання краінай, які б ня скончыўся татальным заняпадам. Гэтага, дзякаваць Богу, ніхто пакуль не пазьбег.