Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Блуканец

Карлас Шэрман

  • Аватар пользователя
    xbohx7 августа 2021 г.

    Імя Карласа Шэрмана дакладна не новае для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай. У гонар яго ў Беларусі нават названая прэмія для перакладчыкаў. І хоць гэты чалавек нарадзіўся ў іншым паўшар’і, але шмат зрабіў і для нашай культуры. У 1956 годзе Шэрман упершыню трапіў у Беларусь і правёў тут амаль паўстагоддзя. Гэтая кніга ўспамінаў — своеасаблівае падсумаванне яго літаратурнай і праваабарончай дзейнасці.


    Мэмуары звычайна маюць за мэту паказаць уласнае жыцьцё лепш, чымся яно было, пахваліцца сяброўствам зь вялікімі асобамі і ўзвышацца неяк над калегамі, кагосьці ганьбіць. Гэта - небясьпека наіўнасьці, бо мэмуары наўрад ці могуць прэтэндаваць на статус дакумэнту эпохі.

    Іншае паўшар’е — гэта Лацінская Амерыка, Уругвай, Мантэвідэа. Менавіта там, у гэтых далёкіх і экзатычных мясцінах, у 1934 годзе ў сям’і заходнебеларускага эмігранта-яўрэя і нарадзіўся Карлас Шэрман. Чым ён толькі ні займаўся: адвучыўся на філалагічным аддзяленні Нацыянальнага інстытута імя М. Марэна ў Буэнас-Айрэсе, разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь, дзе спачатку працаваў на запалкавай фабрыцы, а потым узяў і вывучыў беларускую мову, працаваў у Фундаментальнай бібліятэцы імя Якуба Коласа.


    Мой бацька даўно адышоў, як і маці, яны і пакінулі мне драматычную дылему жыцьця спаміж двух моцных магнітных палёў, якія разьдзіраюць душу штодня, імя якім - радзіма і бацькаўшчына, паўстанцкі дух і дух талерантнасці, змаганьне і амаль абыякавасьць. Гэтак я жыву, сярод сваіх і чужых, адчуваючы, што шаную адных і другіх, бо жыцьцё адабрала права выбару, і мая самасьць мае два берагі, ня здольныя зьяднацца, як бясконцыя паралелі жыцьця і сьмерці.

    Менавіта вывучэнне нашай мовы зрабіла Шэрмана своеасаблівым мастком паміж беларускай і лацінаамерыканскай культурамі. Дзякуючы яму мы чытаем па-беларуску Маркеса і выбітных паэтаў Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. Працуе гэта і ў адваротны бок: Шэрман даў магчымасць іспанамоўным чытачам знаёміцца з нашымі аўтарамі, пераклаўшы творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і іншых беларускіх аўтараў.

    Гэтую кнігу да друку падрыхтаваў Беларускі ПЭН-цэнтр, і менавіта з гэтай арганізацыяй Шэрман быў шчыльна звязаны на працягу 12 гадоў: ён быў адным з заснавальнікаў, а ў 1989-2001 гадах яшчэ і віцэ-прэзідэнтам беларускага ПЭНа. Пакінуў пасаду толькі праз пагаршэнне стану здароўя. Апошнія гады жыцця лячыўся ў Нарвегіі, дзе і памёр у сакавіку 2005 года. Гэтыя мемуары пісаліся ў 2001-2004 гадах у Мінску і Крысціянсандзе. Мабыць, яно і да лепшага, што Шэрман не заспеў усё тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, у прыватнасці сітуацыю са спробай ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра.

    Складаецца кніга з гісторый пра міжнародныя камандзіроўкі Шэрмана па літаратурных і праваабарончых справах, пра літаратараў, з якімі ён сябраваў, і пра іх становішча ў беларускай дзяржаве. Значнае месца ў кнізе адведзена разважанням Шэрмана пра палітычны рух канца мінулага стагоддзя, ролю паэта на зямлі і многія іншыя рэчы.

    Беларусь стала для Шэрмана не проста месцам працы, а сапраўдным домам. Хаця, мяркую, ён і сам адчуваў пэўную не самую прыемную еднасць месца яго нараджэння з Беларуссю. Піша пра літаратуру Лацінскай Амерыкі, а чытаеш нібыта пра Беларусь:


    Бывала і так, што пісьменьнік друкаваў кніжку за ўласныя, а хутчэй, пазычаныя сродкі, а потым мусіў клапаціцца пра продаж звычайна невялікага накладу, ісьці да гандляроў, якія бралі некалькі асобнікаў на спробу рэалізацыі, а часта вярталі і іх. У выпадку продажу аўтар атрымліваў і свой прыбытак - восем адсоткаў ад наміналу, гэта значыць, пры малых накладах, сьлёзы. Заставаліся яшчэ і публічныя чытанкі, дзе прысутныя набывалі квіткі ды кніжкі. Права быць пачутым давалася цяжка, далёка ня кожны прабіваўся да чытача.

    А некаторыя з яго разважанняў набылі цяпер у Беларусі новы сэнс і пры чытанні становяцца сапраўднымі трыгерамі: 


    Эміграцыя — гэта амаль заўжды трагедыя, і нават найбагацейшаму эмігранту, які нібыта дасягнуў усяго ў жыцьці, баліць радзіма і адчуваньне жудаснай адлегласьці ад сябе самога. Другасная міграцыя, альбо міграцыя вяртаньня, часьцяком ня менш трагічная. З аднаго боку, чалавек мусіць пачынаць жыцьцё нанава ў іншых, часамі неспрыяльных умовах. З другога, ён можа сутыкнуцца з варожасьцю асяродку, а таксама наагул трапіць пад жорсткія рэпрэсіі і нават загінуць, як гэта адбылося неаднойчы ў розных краінах сьвету.

    Адзін з важных герояў гэтай кнігі, чыё імя ў ёй сустракаецца вельмі часта, — Васіль Быкаў. Яны з Шэрманам сябравалі, таму той паспрабаваў паказаць нам іншага Васіля:


    Наагул грамадзтва намалявала сабе вобраз крыху жорсткага, нелюдзімага, сквапнага на словы, заўсёды спахмурнелага Быкава. Насамрэч Васіль быў пяшчотным, вясёлым чалавекам, выдатным імгненным карыкатурыстам, адданым сябрам, заўсёды гатовым камусьці дапамагчы, нават ня маючы чым, і гэтым, дарэчы, пасьпяхова карысталіся. Ён не любіў публічнасьці сваёй асобы, часьцей нагадваў пра тое, што сам лічыць сябе прыватнай пэрсонай, аднак, калі гэта было патрэбна, ён выказваўся мужна і вельмі дакладна, бо праўда была стрыжнем характару, маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця.

    Кніга «Блуканец» дазваляе нам зазірнуць на творчую кухню таленавітага пісьменніка і перакладчыка, які нарадзіўся так далёка ад Беларусі, але арганічна ўпісаўся ў нашу культуру і стаў яе неад’емнай часткай.


    10
    114