
Прыемна назіраць прагрэс аўтара ад дэбютнай кнігі да наступных. Ад тоненькай кнігі ў мяккай вокладцы да саліднага цвёрдага выдання з крэмавай паперай. Максім Кутузаў у новым рамане зрабіў істотны крок наперад у параўнанні з папярэднім творам “Князь-ваўкалак”. Прынамсі, зразумеў, што кніга — гэта не толькі сюжэт, але і героі з іх псіхалогіяй, думкамі і акружэннем, якое не проста дэкарацыі, абазначаныя ў пачатку кнігі.
Калі б гэты раман выдалі ў Германіі, Нарвегіі ці ў Вялікабрытаніі, яму было б наканавана стаць бэстсэлерам.
Так сцвярджае спадар Ян Захмялеўскі ў тэксце, змешчаным на задняй частцы вокладкі. “Сильное заявление”, як казаў адзін вядомы тэлевядучы, але мы яго праверым.
У апошнія гады назіраецца ўсплёск цікавасці да чарнобыльскай тэмы. Серыял “Чарнобыль” быў нібыта спускавым механізмам. Пачалі выходзіць кнігі звязаныя і не звязаныя з серыялам, людзі кінуліся глядзець дакументалкі і пераасэнсоўваць трагедыю. З’явіліся праекты, якія ўздымаюць тэму небяспекі радыяцыі, часам вельмі своеасабліва, напрыклад, папулярны нямецкі серыял “Dark”.
Гэтай тэме ўздымаецца і ў новым рамане Максіма Кутузава. Беларускі дактарант-фізік Аркадзь Каршакевіч выпраўляецца праз усю Германію ў горад Трыр, каб там працягваць навучанне і працаваць у мясцовым інстытуце. Важна заўважыць, што герой паходзіць з зоны радыеактыўнага забруджання: нарадзіўся ў Брагіне Гомельскай вобласці. Гэтая інфармацыя прымушае задумацца ўжо на першай старонцы кнігі, калі яшчэ звярнуць увагу, што нарадзіўся Аркадзь у снежні 1986 года. Чарнобыль для яго — не пусты гук.
Але з Беларусі наш герой з’язджае, атрымаўшы месца дактаранта ў нямецкага прафесара Фогеля. Трыр — найстарэйшы горад Германіі, дзе нарадзіўся Карл Маркс. Адна з галоўных славутасцяў і сімвал горада — легендарныя антычныя вароты Porta Nigra, у гонар якіх кніга і атрымала назву.І яны з’яўляюцца важным элементам кнігі.
Вялікую частку рамана займае апісанне таго, як герой дабіраецца да Трыра і бязмежна захапляецца Еўропай, у прыватнасці Германіяй. Напрыклад, наколькі крутыя ў іх цягнікі, гэта вам не электрычка Мінск-Барысаў. Адна справа, калі б гэта было простае апісанне плюсаў Германіі, але аўтар не стамляецца параўноўваць яе з Беларуссю, і старонцы на 60 мне крышку надакучылі бясконцыя рэверансы ў бок еўрапейцаў і іх культуры, маўляў, там усе такія ветлівыя, цудоўныя, а ў нас — жах, адно нявыхаванае хамло жыве.
Галоўны герой валодае цікавай здольнасцю: ён можа бачыць мінулае, і з дапамогай гэтага хоча вяртаць страчаныя беларускія каштоўнасці. Напрыклад, крыж Ефрасінні Полацкай. Толькі вось такая важная дэталь займае зусім малы аб’ём кнігі, хаця патэнцыял у гісторыі вялікі.
Калі пачалі адбывацца больш-менш цікавыя падзеі, з’явілася нейкая дынаміка, я зразумела, што да канца кнігі засталося не так і шмат старонак. І ўсё асноўнае аказваецца ў самым канцы твора, праз што фінал выглядае паспешлівым. Нібыта аўтар толькі пачаў атрымліваць асалоду ад свайго тэксту, распісаўся, зрабіў персанажаў аб’ёмнымі, са сваёй гісторыяй і матывацыяй… Як падышоў нейкі злы дзядзька і сказаў: “У цябе ёсць 5 хвілін, каб скончыць гэта”. Давялося аўтару тэрмінова шукаць развязкі ўсіх сюжэтных ліній.
У рамане аўтар выкарыстоўвае літаратурны прыём, які добра спрацаваў для мяне першы раз, але чым часцей Кутузаў яго выкарыстоўваў, тым менш значным прыём станавіўся. Падзеі ў рамане адбываюцца ў 2011 годзе, і сучасны чытач мае ўяўленне, што з таго часу змянілася ў свеце. І вось аўтар апісвае размову сяброў:
Ты можаш сабе ўявіць, што арку ў Пальміры хто-небудзь разбурыць ці, да прыкладу, што ў Нотр-Даме адбудзецца жудасны пажар напярэдадні якога-небудзь надзвычай значнага хрысціянскага свята? На Вялікдзень, скажам?
Мы жывём у 2020 і ведаем, што ў 2015 ісламскай дзяржавай была канчаткова знішчана Манументальная арка Пальміры, а 15 красавіка 2019 года адбыўся пажар у саборы Парыжскай Божай Маці, якраз напярэдадні Вялікадня. Справа ў тым, што гэта было не першае выкарыстанне такога прыёму, і з кожным разам ён працаваў усё менш. Я толькі стомлена ківала галавой і думала: “Ну добра, хлопча, мы бачым, як цябе хвалюе лёс помнікаў архітэктуры”.
Але ад мяне асабісты рэспект аўтару за згадку песень Sabaton і Billy Talent, як бальзам на душу бачыць любімыя гурты ў беларускай кнізе :)
Яшчэ даволі дзіўным падалося выкарыстанне вялікай колькасці зносак. Я ўсімі рукамі за зноскі, калі гэта апраўдана. Не ўсе маюць магчымасць гугліць, калі чытаюць кнігу, і могуць не ведаць, хто такі Джон Тайтар, тут зноска дарэчы. Але ж навошта ў сучаснай кнізе тлумачыць чытачам, што такое “wi-fi” ці “афлайн”? Са мной спрабавалі спрачацца, што кнігу могуць чытаць і пенсіянеры. Дык чаму тады не тлумачыць усе сучасныя рэаліі? Смартфон, інтэрнэт? Так можна кожнае слова тлумачыць, бо заўжды знойдзецца той, хто яго не ведае. Думаю, што калі ёсць магчымасць не рабіць у кнізе зноску, ёй варта скарыстацца.
Дык ці стала б гэтая кніга “бэстсэлерам” у іншых еўрапейскіх краінах, у чым нас упэўніваюць на вокладцы? Магчыма, пасля добрай рукі рэдактара, калі б яны разам з аўтарам прывялі тэкст да ладу, папрацавалі з зацягнутым пачаткам, разгарнулі асноўную частку кнігі ды больш грунтоўна выпісалі фінал.
P. S. Калі-небудзь я змагу дачытаць хаця б адну кнігу выдавецтва Галіяфы і не паскардзіцца на памылкі. Праўда, “это уже совсем другая история”. Ніжэй некалькі памылак для ілюстрацыі (і гэта далёка не ўсе).
Хлопец гаворыць пра сябе, сябра-мужчыну і калегу-жанчыну, таму пішам «утраіх»:

Герой гаворыць пра сябра і сястру, яны рознага полу, таму ўжываем «адно аднаго»:

































