
Пра Мінск не ад гіда
Анталогія – гэта геніяльна. Напрыклад, захацелася мне пазнаёміцца з дзіўным светам сучаснай прозы. Магу набыць часопіс ці некалькі кілаграмаў кніг, але лепей будзе зрабіць па-разумнаму і знайсці анталогію. Чытаеш невялічкія зборнікі з творамі дзесяці-пятнаццаці аўтарай – і знаёмішся на здароўе. Зручна, проста і нават хутка – апошняе для літаратуры ўвогуле не характэрна. Толькі існуе праблема. Нам у Беларусі не хапае анталогій. Гэта не значыць, што іх няма ўвогуле, але нават слова “мала” для існуючай колькасці зборнікаў – ужо камплімент. На шчасце, сітуацыя крыху змянілася ў 2018 годзе: пад эгідай фестывалю “Горад і кнігі” выйшаў зборнік апавяданняў “Мінск назаўжды”. Пад прыемнай каляровай вокладкай анталогія аб’ядноўвае творы дзесяці маладых і дзесяці сталых у мастацкім плане пісьменнікаў. З інфармацыі пра кожнага з іх – толькі імя, а апавяданні размяшчаюцца ў рандомнай паслядоўнасці. У суседстве з прозай Міхаіла Валодзіна ці Ларысы Рублеўскай размешчаны творы маладых пісьменнікаў: Кацярыны Захарэвіч, Аляксандра Паршанкова, Стэфана Корфа і іншых. Хіба гэта не добры прыклад творчай роўнасці? Апавяданні зборніка аб’ядноўвае не толькі беларуская мова, на якой яны напісаны (рускамоўныя былі перакладзены, аб гэтым потым), але і агульная тэма: Мінск. Арганізатары прапаноўвалі празаічным аўтарам скласці творы, дзе будзе “Мінск як тэма, Мінск як месца, Мінск як галоўны герой і як фон падзей, што іх вызначае. Мінск у любых праявах - але абавязкова ён”. Калі гаворка ідзе пра гарадскія апавяданні, я адразу ж згадваю Макса Фрая з яго “Казкамі старога Вільнюса” ці анталогіямі, якія друкуюцца пад яго імём. Магчыма, з-за гэтых асацыяцый я думала, што ўбачу ў зборніку магію, легенды і казкі, майстэрскі ўплеценыя ў рэчаіснасць. І, канечне, горад. Але менавіта яго час ад часу і не хапала. Былі апавяданні, дзе Мінск можна было лёгка замяніць на Магілёў або Гродна, нават на Берлін або Нью-Ёрк - іншымі словамі, горад стаў звычайным фонам без аніякага мясцовага каларыту. Менавіта такія творы сталі аднымі з нелюбімых у зборніку, бо пры чытанні я адчувала падман. Мне абяцалі Мінск – а далі прыгоды людзей неважна дзе! Растлумачыць такую рэакцую няцяжка, улічваючы мае ўяўленні наконт зместу анталогіі. Але і вінаваціць кагосьці нельга: рабіць Мінск звычайнай дэкарацыяй складальнікі зборніка не забаранялі. Пяройдзем да больш пазітыўных рэчаў. Што ў зборніку добра? Ён разнастайны. Там і філасофскія разважанні, і казачныя падзеі, і сямейныя праблемы; добры фінал, трагічны фінал, незразумелы фінал; наша стагоддзе, даваенныя гады, часы ВКЛ - усё, што хочаце. Кожнаму на ўласны густ. Гэтай разнастайнасцю зборнік абавязаны колькасці аўтараў. Іх дваццаць – гэта шмат. Згадзіцеся, мала дзе вам могуць прапанаваць такое. Што добра яшчэ? Само выданне. Я чытала кнігу ў электронным варыянце, але набыць друкаваную не вельмі цяжка. Яна каштуе свае грошы. На кнігу прыемна глядзець, яна не надта вялікая, з мяккай вокладкай і ілюстрацыямі ўнутры. Іх няшмат, але яны прыгожыя і зроблены адным аўтарам – Ліліяй Бусаравай. Асобная падзяка Маргарыце Латышкевіч, якая не только была адным са складальнікаў зборніка і аўтарам змешчанага там апавядання, але і перакладала рускамоўныя творы, якія трапілі ў кнігу. Зрабіла гэта добра і якасна, не прычэпішся. “Любімчыкаў” сярод твораў я вызначаць не буду. Не хочацца, каб мой густ і асабістыя ўражанні паўплывалі на вывады і думкі іншых людзей. Да таго ж, я ўжо пазначыла, чаго ад зборніка чакала і што мне не спадабалася, таму здагадацца пра мае думкі наконт кожнага апавядання нясложна. Але парада ад мяне ўсё ж такі будзе. Чытайце зборнік позняй восенню ці зімой. Тады з’явіцца адчуванне, што тое, аб чым вы чытаеце, адбываецца недзе зусім блізка, бо ў большасці твораў надвор’е – асенняе або зімняе. Ці гэта асаблівасць успрыняцця беларускага клімата, ці мінчане сапраўды звыкліся з туманамі, холадам і снегам, не ведаю. Але не думайце, што, калі ёсць хмары, то ўсё сумна і дрэнна. Не. Многія творы – іх большасць - вельмі ўтульныя. Такія, якімі могуць быць коўдра ці какава толькі ў халодны час. Зборнік лёгка стане трэцім элементам у гэтай формуле “добрага зімовага вечара”. Выснова: зборнік добры, грошай не шкада, рабіце яшчэ.

























