
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Гэтая кніга стала магчымая дзякуючы атрыманню Максам Шчурам у 2016 годзе літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. У выніку Шчур займеў у Беларусі выдаўца – Андрэя Янушкевіча, і гэта ўжо чарговая кніга Макса, якую выдаў яго беларускі выдавец. І як тут не пагадзіцца, што літаратурныя прэміі – патрэбная рэч.
Бо ўявіце сабе. Жыве чалавек у ваколіцах Прагі, піша па-беларуску мастацкія творы, а з радзімы ў адказ нігугу. Ні чытацкіх водгукаў, ні прапановаў ад выдавецтваў. Ці доўга яшчэ так будзеш пісаць?
Макс Шчур, начытаўшыся еўрапейскай класічнай і сучаснай літаратуры, натуральна стаў адэптам еўрапейскага літаратурнага мейнстрыму, калі ў цэнтры твора знаходзіцца ўнутраны свет наратара. Гэта, можна так сказаць, не зусім у традыцыі беларускай прозы. Звычайна беларускі празаік апісвае нейкую гісторыю, нейчы лёс, часам спрабуе яго ахарактарызаваць з пазіцыі наратара, але не больш таго. У Шчура практычна ў любой гісторыі ў цэнтры твора знаходзяцца пачуцці, думкі, мары, імкненні наратара, то-бок увесь знешні свет падаецца праз шкельцы акуляраў галоўнага героя. Гэтыя шкельцы могуць быць павелічальнымі, замглёнымі, бруднымі, каляровымі – але шкельцамі галоўнага героя. Такім чынам, калі вы захочаце штосьці дазнацца пра Швецыю і прачытаеце аповесць Шчура “Чалавек з футаралам”, у якой апісваецца вандроўка героя па швецкай зямлі, то гэта будзе зусім не тая Швецыя, якую можаце ўбачыць самастойна, наведаўшы гэтую краіну.
Увогуле, часам хочацца пашкадваць самога аўтара, бо ён у сваіх творах так шмат скардзіцца на безграшоўе і нястачу ў замежжы, што паўстае пытанне: а ці былі там у яго шчаслівы хвіліны акрамя наведвання бараў? А з іншага боку: ці было б у яго ў родным Берасці такое шалёнае жыццё, з гэткім багатым наборам прыгодаў, вандровак і чалавечых кантактаў?
Мне асабіста найбольш спадабаліся два творы, якія як бы стаяць асобна ад усяго іншага, што аб’яднала вокладка кнігі, – “Бабуля” і “Самотнік”. У першым Шчур па-майстэрску і з любоўю расказвае гісторыю сваёй бабулі па кудзелі, якая вярнулася з Аргенціны і неўзабаве пачала жыць у Карэлічах. Увогуле, гэта, канешне, крута, калі твая бабуля ведае гішпанскую мову і можа спяваць гішпанскія песні. А ў другім аповедзе – гісторыя дзеда Хведара па мячы. Не сказаць, каб шчаслівая гісторыя, але, відаць, важная для аўтара, у тым сэнсе, што ён адчувае спадчыннасць, якую атрымаў ад дзеда, перадусім у сваім характары.
Вось такія атрымліваюцца “Галасы”. За якімі праглядаецца ўсмешка аўтара, які шле вітанне сваім чытачам з ваколіцаў Прагі.

Рэдкі выпадак, калі ў літаратара, які займаецца і празаічнай, і паэтычнай творчасцю, мне падабаюцца абодва гэтыя бакі.
Яшчэ летась Макс Шчур атрымаў Прэмію Гедройца за кнігу "Завяршыць гештальт", а ў гэтым месяцы выйшла яго новая кніга (якую мне пашанцавала прачытаць яшчэ да яе афіцыйнага выхаду). Гэта зборнік апавяданняў, напісаных у 2011-2017 гг., і адна аповесць.
Кубак з Прагай на фота трапіў невыпадкова: Макс Шчур жыве ў Празе, і Прага неаднаразова згадваецца ў творах. Усе апавяданні зборніка даволі цікавыя, прахадных няма, але раскажу пра тыя, што мяне найбольш уразілі.
Адкрываецца зборнік апавяданнем "Сніч", і гэта сапраўдная знаходка для кнігалюбаў, якія любяць кнігі пра кнігі і літаратараў (як я). Галоўны герой — літаратурны негр (або паліткарэктна ghost writer — пісьменнік-прывід). Але яго праца адметная тым, што ён піша не цэлыя творы, а толькі сны літаратурных герояў. Складанасць у тым, што напісаць ён можа толькі тое, што сам сніў, і тут узнікае праблема: наш герой даўно пакутуе ад бяссонніцы. Чытач убачыць, як ён спраўляецца з праблемай у сувязі з дэдлайнам, які няўхільна насоўваецца. "Экзекуцыя" — не проста апавяданне, лічу, што гэта навела (я размяжоўваю гэтыя паняцці). Звычайна ў навелы даволі раптоўны і нечаканы фінал. Тады папярэдні твор "Сніч" у пэўнай ступені таксама навела. А ў навеле "Экзекуцыя" галоўны герой — мужчына пасля развода. Пабачым, на што здольны злы на жанчыну мужчына.
Яшчэ адна знаходка кнігалюба — аднайменнае апавяданне "Кнігалюб". Як кнігі ажываюць і ўвасабляюцца ў рэальнасці, як па старонках чужых кніг можна здзейсніць цэлыя падарожжы па жыццях іх папярэдніх чытачоў.
Вельмі шчырыя аўтабіяграфічныя апавяданні "Бабуля" і "Самотнік" пра сям'ю пісьменніка. "Інтэрв'ю з ведзьмаком" — выдатнае перастварэнне кнігі Эн Райс (вядомай па яе экранізацыі "Interview with the Vampire") з беларускім нацыянальным каларытам. Аповесць "Чалавек з футаралам" нагадвае той самы гедройцаносны твор "Завяршыць гештальт", бо таксама падарожжы,розныя гарады, іх асаблівасці, людзі, прыгоды.
Кніга невялікая па аб'ёме, лёгка чытаецца за пару дзён у марудным тэмпе.

Аднак людзей упрыгожвае маладосць, гэтак жа пазней яшчэ раз упрыгожвае старасць. А таксама — каханне.

Няма дзіва: кожны паэт, вядома, не абавязаны быць мовазнаўцам, лічыў Васільевіч, але кожны мовазнавец — паэт паводле паклікання.

Адарваўшыся ад матчыных грудзей, яны тут жа прысмакталіся да чужых нафты і газу...





