
Пераклады
Wild_Iris
- 1 226 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
Лаўкрафт, які пры жыцці не апублікаваў ніводнай кнігі, у наш час валодае розумамі соцень тысяч прыхільнікаў яго творчасці (а можа іх мільёны?). У дзяцінстве ён быў асновай маіх чытацкіх інтарэсаў разам з Эдгарам По і Стывенам Кінгам. І не дарэмна, бо трох гэтых аўтараў можна паставіць у лагічны ланцужок па ступені ўплыву аднаго на творчасць іншага: По — Лаўкрафт — Кінг. Творы По ўжо былі перакладзеныя на беларускую мову (зборнік "Маска чырвонай смерці"), цяпер выйшаў пераклад Лаўкрафта, а для поўнага майго шчасця застаўся толькі Кінг.
Хоць гэты зборнік называецца "Кліч Ктулху", але ўласна пра Ктулху ў зборніку ўсяго адно апавяданне. Творы напісаныя ў адметным жанры лаўкрафтаўскіх жахаў. Героі не ведаюць, чаго ім чакаць, ад таго іх страх такі моцны. Як кажуць, мы баімся не цемры, а таго, што ў ёй.
Я люблю жахі ў літаратуры, толькі не звязаныя з пярэваратнямі, вампірамі ці падобным. Мне больш цікава, калі ў гэтым прысутнічае нешта містычнае. А яшчэ лепш, калі ўсё гэта існуе толькі ў чалавечым уяўленні. Жахі Лаўкрафта больш псіхалагічныя, ірацыянальныя. Фактычна нічога асаблівага не адбываецца, але цябе не пакідае прадчуванне чагосьці жахлівага. Асаблівы эфект ствараецца сінтаксічнымі канструкцыямі, якія выкарыстоўвае Лаўкрафт. Гэта нагрувашчванне вобразаў, апісанняў, высокая дэталізацыя. Лаўкрафта не трэба разумець, яго трэба адчуваць, ён выбівае глебу з-пад ног чытача. Адсутнасць дыялогаў, аповед ад першай асобы дадаюць творам нейкую дакументальнасць. Пачынае здавацца, што ўсё гэта сапраўды калісьці недзе адбывалася.
На сайце januskievic.by можна купіць "Кліч Ктулху" і патрапіць у неверагодную атмасферу Лаўкрафта. На прэзентацыі перакладчыкі абяцалі, што працяг абавязкова будзе, таму чакаем.

З творчасцю Лаўкрафта я пазнаёміўся вельмі даўно, таму гэтая кніга мяне зацікавіла не тым, што я магу адкрыць для сябе нешта жудасна-шчупальцаватае. Я лічу, што выхад гэтай кнігі ў нейкім сэнсе свята, таму што такога знамітага аўтара нарэшце выдалі па-беларуску! Сапраўднае свята!
Самае прыемнае для мяне было тое, што не ўсе апавяданні былі для мяне знаёмыя. Але і старыя было цікава перачытаць. Тым больш, што чытаць па-беларуску было вельмі прыемна. Я ніколі дагэтуль не чытаў жахаў па-беларуску (акрамя можа гісторый пра лапці і хлеб у 90-х), таму было захапляльна пачуць некалькі новых для мяне словаў=)
Таму сапраўды шчыры дзякуй тым, хто перакладаў апавяданні і надрукаваў кнігу!
А наконт самой кнігі... Я лічу, што Лаўкрафт даў добры штуршок да таго, каб сусвет Ктулху ажыў і пачаў жыць самастойна. Апавяданні даволі просценькія і амаль што не пужаюць (гэта так!), таму што час не стаіць, але колькі класных фільмаў, кніг, музыкі і розных настолачак было выдадзена дзякуючы творчасці Говарда Філіпса. Сапраўды, нягледзячы на просты пасыл, гэта гіганцскі помнiк жаху.

Найлепшы ў свеце ўзор міласэрнасці, як мне здаецца, – гэта няздольнасць чалавечага розуму суаднесці ўсё, што яму вядома. Мы жывем на ціхім востраве невуцтва пасярод бязмежнага чорнага акіяну ведаў, і нам лёсам не наканавана далёка ад яго адплываць. Навукі, кожная з якіх працуе ва ўласным напрамку, прынеслі пакуль няшмат шкоды. Але калі мы аднойчы супаставім гэтыя разрозненыя веды, то перад намі адкрыюцца такія жахлівыя карціны рэальнасці і нашага страшнага ў ёй месца, што нам застанецца або звар’яцець, або збегчы ад святла ў спакой і бяспеку новага Сярэднявечча.

Прыкра, што большая частка чалавецтва занадта абмежаваная ў сваёй здольнасці бачыць схаванае, каб цярпліва і ўдумліва ўзважыць паасобныя з'явы, якія выходзяць за межы банальнага досведу.











