
Известные писатели и пенитенциарная система
jump-jump
- 923 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
У біяграфіі Алеся Звонака ёсць цікавы факт. У 18 гадоў, адразу пасля заканчэння школы, паэта накіравалі ў Полацак на пасаду адказнага сакратара газеты “Чырвоная Полаччына”, дзе ён узначаліў полацкую філію “Маладняка”. У Полацку ён замяніў Алеся Дудара, які заснаваў гэтую філію і з’ехаў у Мінск вучыцца. Неўзабаве ў Полацак прыехала з Мінску яшчэ некалькі маладнякоўцаў, сярод іх і Валеры Маракоў. Маладыя паэты ў вольны час любілі паблукаць уздоўж берага Дзвіны, узняцца на горку да Сафійскага сабору. Пазней Алесь Звонак так узгадваў той час: “І міжвольна ў нашых юнацкіх сэрцах абуджалася шчымлівае салодкае пачуццё гонару за сваю дзяржаву Беларусь, за яе шматпакутную, замешаную на крыві і слязах гісторыю, за яе светлую будучыню, у стварэнні якой ёсць і наш сціплы ўдзел… Пазней гэта ўсё называлася “нацдэмаўшчынай”, праявамі “буржуазнага нацыяналізму”, “арыентацыяй на захад”, карацей кажучы, контррэвалюцыяй, а за ўсе гэтыя хадзячыя ярлыкі трэба было пазней плаціць або жыццём, або “вандраваннем па пакутах” у далёкіх сіберных краях…”
Алесю Звонаку пашчасціла захаваць жыццё падчас гэтых жахлівых “вандраванняў”. А затым вярнуцца ў беларускую літаратуру і нават дажыць да паўставання незалежнай Беларусі.
Зборнік вершаў “Мой сад” – гэта як раз паэтычны расповед пра гэтыя гулагаўскія вандраванні. Кніга нават утрымлівае нізку вершаў, якая была напісаныя, як паведамляе сам аўтар, “у ледзяных абдымках Калымы”.
Таксама ёсць у гэтым зборніку вершы-развагі, якія нараджаліся напачатку 90-х, у лёсаносныя для Беларусі гады. Паэт у вершах наракае, што шмат адбываецца пустой гаварыльні, а справа стаіць на месцы – Беларусь не набліжаецца да свайго роднага беларускага берагу.
Што зробяць тут Гілевіч ці Пазьняк?
Іх голас – крык адзінак у пустыні,
Там, дзе ідзе шальмоўная гульня,
А ў банку – лёс знявечанай Айчыны!
Дык што мне тыя космакараблі,
Дык што мне тая мова марсіянаў,
Калі маю ды на маёй зямлі
Так дружна топчуць ботам падкаваным!
Праўда, кніга заканчваецца аптымістычным чатырохрадкоўем.
Ніхто не змог, не зможа й надалей,
Няма такое сілы валатовай,
Змагла каб вырваць з матчыных грудзей
Жывое сэрца Беларусі – мову!

РОЗДУМ
Наталлі Пятроўне, дачцэ
Мне восемдзесят сем. Дваццаты век
Дабіць да ручкі вырашыў я цвёрда,
Хоць, можа, мне даўно пара ў кювет –
Пакрышкі колаў сцёрліся да корду.
Магу й не трапіць я на той каўчэг.
Што будзе плыць у марсіянскім небе.
І сапраўды – мне тут куды ямчэй,
Зямному старцу, на бацькоўскай глебе.
Табе ж ва ўсёй красе ў трыццаць год
Ступіць за грань двухтысячнага года
Без перашкод, без страшных тых згрызот,
Што сталі доляй горкаю народа!
Злачынцаў знойдзе кара і канец.
Дух ачышчэння вее. Чутны крокі.
То Страшны Суд ідзе (таксама Тройка!) –
Бог-Дух Святы, Бог-Сын і Бог-Айцец!
Не, мы жылі на свеце нездарма!
Праз век пакут, праз войны і пажары
Пранеслі мы аб Будучыні мару,
Якой цяпер ні ў нас, ні ў вас няма.
І ўсё ж крыху зайздрошчу юным вам,
Хто будзе соткі абрабляць на Марсе,
Чыя балець не будзе галава
За форсу крах і за крушэнне фарсу.
Вас, юных, вабіць прага навізны.
Ты шпацыруеш сёння па Берліну…
Вазьмі на памяць мне драбок Сцяны,
Што з аднае зрабіла дзве краіны…
Мы й самі – як шчадрынскі унтэр той,
Што падзяляў на дзве паловы людства,
Дзе на адной – сам-насам ён, герой,
А на другой – астатняе паскудства…
Заселі рыфмы ў горле камяком,
Пішу, а сэрца б’ецца ў рэбры порстка,
Не падсілкуеш верш каравяком,
А рыфмаў строй, як яблыньку, кампостам!
Табе ж гасціць да восеньскіх дажджоў
У куртуазным горадзе Бруселі,
Дзе НАТА штаб, што матам крыў Хрушчоў
Пасля няўдач кубінскай каруселі.
Грызе згрызота, нібы мыш таран:
Няўжо мы гэтак густа абруселі,
Што бакалаўры едуць аж з Бруселя
Да нас вучыцца мове расіян?!
Што зробяць тут Гілевіч ці Пазьняк?
Іх голас – крык адзінак у пустыні,
Там, дзе ідзе шальмоўная гульня,
А ў банку – лёс знявечанай Айчыны!
Дык што мне тыя космакараблі,
Дык што мне тая мова марсіянаў,
Калі маю ды на маёй зямлі
Так дружна топчуць ботам падкаваным!
А нейчы голас шэпча мне: маўчы!
Няўжо ГУЛАГам шыю не намуляў?
Яшчэ не ўсе падохлі стукачы,
І нехта ўпотай адлівае кулю…
А ты хутчэй вяртайся ў родны кут,
Хай спадарожны вецер дзьме з Ла-Манша.
Лепш, чым нуда ў падстрыжаным садку,
Збіраць апенькі ў пушчы між ламачча.
Мы са старой век дбалі нездарма:
Набыта ўжо й разбітае карыта,
Ёсць залатая (у тамаце) рыбка…
Вось толькі мора сіняга няма!
1993

ЗАВЯШЧАЛЬНАЕ
Як з царства хісткіх ценяў, як з цемры забыцця,
Вяртаюцца імёны ў жыццё дзеля жыцця.
Заманьвалі маной нас, што не было й няма
Імён у пакараных, пазбаўленых імя.
Кастрычніцкае пленя рамантыкаў красы,
Як свежа, як сучасна гучаць іх галасы!
І як тады, лье сонца блакітны небасхіл,
І б’ецца ў грудзі попел нязнойдзеных магіл.
Перадсмяротны заклік яны нам слалі свой
Калі з падвалаў змрочных на смерць іх вёў канвой.
Я сведка той Галгофы, той цемрадзі скразной,
Павязаны я з імі вяроўчынай адной…
Таму гукаю юных: пара, пара, майстры,
Вам заўтрашнія песні ў дзень сённяшні тварыць!
1991