Рецензия на книгу
Мой сад
Алесь Звонак
Аноним23 марта 2020 г.У біяграфіі Алеся Звонака ёсць цікавы факт. У 18 гадоў, адразу пасля заканчэння школы, паэта накіравалі ў Полацак на пасаду адказнага сакратара газеты “Чырвоная Полаччына”, дзе ён узначаліў полацкую філію “Маладняка”. У Полацку ён замяніў Алеся Дудара, які заснаваў гэтую філію і з’ехаў у Мінск вучыцца. Неўзабаве ў Полацак прыехала з Мінску яшчэ некалькі маладнякоўцаў, сярод іх і Валеры Маракоў. Маладыя паэты ў вольны час любілі паблукаць уздоўж берага Дзвіны, узняцца на горку да Сафійскага сабору. Пазней Алесь Звонак так узгадваў той час: “І міжвольна ў нашых юнацкіх сэрцах абуджалася шчымлівае салодкае пачуццё гонару за сваю дзяржаву Беларусь, за яе шматпакутную, замешаную на крыві і слязах гісторыю, за яе светлую будучыню, у стварэнні якой ёсць і наш сціплы ўдзел… Пазней гэта ўсё называлася “нацдэмаўшчынай”, праявамі “буржуазнага нацыяналізму”, “арыентацыяй на захад”, карацей кажучы, контррэвалюцыяй, а за ўсе гэтыя хадзячыя ярлыкі трэба было пазней плаціць або жыццём, або “вандраваннем па пакутах” у далёкіх сіберных краях…”
Алесю Звонаку пашчасціла захаваць жыццё падчас гэтых жахлівых “вандраванняў”. А затым вярнуцца ў беларускую літаратуру і нават дажыць да паўставання незалежнай Беларусі.
Зборнік вершаў “Мой сад” – гэта як раз паэтычны расповед пра гэтыя гулагаўскія вандраванні. Кніга нават утрымлівае нізку вершаў, якая была напісаныя, як паведамляе сам аўтар, “у ледзяных абдымках Калымы”.
Таксама ёсць у гэтым зборніку вершы-развагі, якія нараджаліся напачатку 90-х, у лёсаносныя для Беларусі гады. Паэт у вершах наракае, што шмат адбываецца пустой гаварыльні, а справа стаіць на месцы – Беларусь не набліжаецца да свайго роднага беларускага берагу.Што зробяць тут Гілевіч ці Пазьняк?
Іх голас – крык адзінак у пустыні,
Там, дзе ідзе шальмоўная гульня,
А ў банку – лёс знявечанай Айчыны!
Дык што мне тыя космакараблі,
Дык што мне тая мова марсіянаў,
Калі маю ды на маёй зямлі
Так дружна топчуць ботам падкаваным!Праўда, кніга заканчваецца аптымістычным чатырохрадкоўем.
Ніхто не змог, не зможа й надалей,
Няма такое сілы валатовай,
Змагла каб вырваць з матчыных грудзей
Жывое сэрца Беларусі – мову!13305