
Моя библиотека
Kisikl
- 269 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
Варта патлумачыць, што ў 1958-1960 гадах Караткевіч вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. І таму, хутчэй за ўсё, большасць вершаў і паэм, якія змешачны ў кніге, былі напісаныя ў Белакаменнай падчас вучобы. Кніга стваралася пад вялікім уплывам мастацтвазнаўцы Ніны Молевай, якая выкладала ў Караткевіча на курсах гісторыю мастацтва, і ў якую Караткевіч быў закаханы. Прынамсі ў зборніку “Вячэрнія ветразі” Молевай прысвечаны ажно чатыры вершы.
Але што да самой кнігі. У гэтым зборніку ўжо выдатна пазнаецца пазнейшы Караткевіч – з яго прыхільнасцю да прыгодніцкага, драматачнага сюжэту (нават у вершах), з яго рамантызмам і рыцарскімі дачыненнямі ў адносінах да жанчын, з яго прыхільнасцю да геройскіх учынкаў і да агульначалавечага гуманізму, з яго любоўю да сусветнага мастацтва.
Караткевіч у вершах перадусім імкнецца расказаць нейкую гісторыю, часам алегарычную, калі гэтая гісторыя дасылае нас у нейкія далёкія гістарычныя часы, напрыклад, як у вершы “Арганаўты”. Часам гэта вельмі драматычная гісторыя, як у паэме “Бацькава сэрца”, у якой апавядаецца як партызанскія атрад з вялікай колькасцю мірных жыхароў падчас Другой сусветнай выйны ноччу выходзіў з блакады побач з нямецкай заставай, і ў самы адказны момант заплакала немаўля. І бацька заціснуў яму рот. І пакуль людзі выходзілі на небяспечную адлегаласць, дзіцё памерла. Вайна скончылася, а бацьку ўпарта сніцца той драматычны прарыў.
Нават калі Караткевіч піша пра падзеі Другой сусветнай вайны, дык найперш ён апавядае пра змаганне за родную зямлю, за свабоду, за свой лёс. Часам гэтыя вершы маюць такі ўніверсальны змест, што крыху яго зьмяніўшы, можа атрымацца верш, напрыклад, пра паўстанне ў 1863 годзе.
Нягледзячы на каханне і цікавасць да вучобы, малады паэт у Маскве тужліва сумаваў па радзіме і пісаў адпаведныя вершы:
Я сумую па радзіме,
Як каханы па дзяўчыне,
Я жадаю ўвесь прыпасці
Проста да яе рукі,
Да грудзей – тугіх узгоркаў,
Да вачэй – азёраў сініх,
І замерці ў пацалунку
На гадзіны і вякі.

Бываюць кнігі, пра якія нельга сказаць: «Вельмі спадабалася». Нельга, бо проста мову займае. Проста дрыжыкі па скуры. Проста камяк у горле. Проста спыняецца час і зьнікаюць адлегласьці.
Я ведаю: я загiну,
Загiну i не ўваскрэсну,
I ўсё ж за народы змагацца
Пакiну кагорты свае,
I будуць магутнымі словы,
I пераможнымі — песні,
Нават тады, калі прахам
Стануць косцi мае.
Вершы з гэтай кнігі — і ёсьць гэтыя кагорты. Праз страх, змяшаны з прагматызам, як праз масла, праходзяць яны вострымі мячамі і б’юць у сэрца.

Гэтая кніга самы вядомы паэтычны зборнік Уладзіміра Караткевіча. Яна вытрымала два выданні, што для беларускай паэзіі ўнікальны выпадак. Нейкі іншы прыклад, калі паэтычны зборнік перавыдаваўся ў тым самым годзе я й прыгадаць не магу. І гэта не проста дадрукаванне тыражу, а выхад другога выдання, нават з іншай вокладкай. Што азначае толькі адно – першае выданне знікла з кнігарняў за лічаныя дні.
Рэдактарам зборніка “Быў. Ёсць. Буду” выступіў сябар Караткевіча Рыгор Барадулін. Ён жа і напісаў прадмову да кнігі, у якой адзначыў: “Вершамі Ты ўваходзіў у літаратуру, вершамі правяраў, як і блізкі па духу Табе Максім Багдановіч, ці “пырснуць іскры з халодных каменняў”. (…) Кнігу паэзіі, якую ўжо не вычытваеш уважліва ў карэктуры, Ты назваў тэстаментна, нібы прадчуваючы сваё развітанне з наступнымі сваімі чытачамі: “Быў. Ёсць. Буду.”
Такім чынам, гэта не пасмяротнае выбранае, а новая кніга паэта, якую ён сам укладаў і сам даў ёй назву.
І менавіта ў гэтым зборніку змешчаны найбольш вядомыя, сёння хрэстаматыйныя, вершы Караткевіча і “Быў. Ёсць. Буду…”, і “На Беларусі Бог жыве”, і “Абяцаюць нам новы раскошны дом…”, і “Мова”.
Значная частка вершаў у кнізе прысвечана гістарычнай тэме, асноўнай тэме ўсёй творчасці Караткевіча. І бадай усе вершы нясуць у сабе акорды патрыятычнага гучання. Але, на дзіва, такая канцэнтрацыя патрыятызму не выклікае раздражнення, магчыма таму, што вершы Караткевіча вельмі драматургічныя, яны ўтрымліваюць не толькі мастацкія вобразы, але і сюжэт, або пачуццёвую напругу. І таму не ўспрымаюцца як маралізатарства, а хутчэй як нейкае важнае адкрыццё, якое для сябе зрабіў аўтар, або як патаемныя яго думкі.
А ў вершы “Паэт” Караткевіч параўноўвае паэта з бруском, якім точыцца і каса, і меч. Відавочна, гэтак паэт патлумачыў сваё крэда і сваю місію.
І на папрок, чаму не йдзе ён біцца,
Чаму ён не падобны да мяча,
Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы,
Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.

“НА БЕЛАРУСІ БОГ ЖЫВЕ”
“На Беларусі бог жыве”, –
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Ўсё зноў і зноў
Ўсім лёсам, –
Няхай спакваля, –
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, –
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край –
Твой дом і сабор...
Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
“На Беларусі бог жыве...” –
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, –
Ну што ж, – мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б’е.
У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі не б’е.
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
“На Беларусі бог жыве”, –
І няхай давеку жыве.

*
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
І з плахі.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
І ўсё ж узводзіць – нясцерпна далёкі –
Храм наш агульны і светлы.
А калі ён горда заззяе ў зеніце –
Непарушны – ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
І няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.

Спачывае зямля пад гусцеючым ценем,
Мірна нюхае горкі пах травяны,
Як аратай, што звесіў рукі з каленяў
І бяздумна сядзіць ў канцы баразны.