Яшчэ адна несумненная прыкмета старэньня — гэта калі вы нечакана для сябе пачынаеце шчыра цікавіцца надвор’ем. Лухта, што размовы пра надвор’е вядуцца з чыстай ветлівасьці: уласна, цікавіцца надвор’ем азначае цікавіцца здароўем. Але, так бы мовіць, ня толькі індывідуальным, якое ўсё болей пачынае вас даставаць, а ўсеагульным — здароўем папуляцыі, у крайніх выпадках — усіх сямі ці колькіх там мільярдаў братоў па біялягічным кшталце. То бок размова пра надвор’е ёсьць ускосным сьведчаньнем вашай раптоўнай схільнасьці да гуманізму, які наагул свомы людзям старэйшага веку — тым, хто сыходзіць, з сумам пакідаючы на гэтай плянэце тых самых сем мільярдаў гуманоідаў (ведама ж, не даляраў!), і хто гэтым сямі мільярдам не абыходзіць ніякім бокам.